Перспектывы развіцця Беларускага Паазер'я абмяркуюць спецыялісты 6 краін на канферэнцыі ў Віцебску
14 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Стан і перспектывы развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларускага Паазер'я будуць абмяркоўваць спецыялісты з 6 краін на міжнароднай навуковай канферэнцыі 16-17 снежня ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.Машэрава. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў дэканаце біялагічнага факультэта ўніверсітэта.
У навуковым форуме прымуць удзел больш за 150 вучоных, экспертаў, супрацоўнікаў прыродаахоўных ведамстваў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Казахстана і Польшчы. У парадку дня шырокае кола пытанняў, звязаных з экспертызай сучаснага стану і перспектыў далейшага развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб'ектаў Беларускага Паазер'я і сумежных тэрыторый, ацэнкай іх ролі ў захаванні біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці, значэння ў фарміраванні нацыянальнай экалагічнай сеткі і ў сістэме трансгранічных экалагічных калідораў.
На канферэнцыі будуць прадстаўлены даклады па праблемах выкарыстання і аховы балот і экасістэм Беларускага Паазер'я, па відавой разнастайнасці расліннасці і жывёльнага свету, у тым ліку па рэдкіх і асабліва ахоўных відах водна-балотных масіваў. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў форуму таксама будуць геоэкалагічныя праблемы асваення тарфянікаў, пытанні гідралагічнага рэжыму парушаных балотных экасістэм. Плануецца абмеркаваць прапановы па аптымізацыі рэжыму дзеючых і стварэнні новых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, іх ролю ў экалагічнай адукацыі і выхаванні.
Арганізатарамі міжнароднай канферэнцыі выступаюць абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.Машэрава.-0-