Перспектывы развіцця прамысловага комплексу Віцебшчыны абмеркавалі на пасяджэнні абласнога саюза наймальнікаў
На гэты раз сустрэча праходзіла ў ААТ «Віцязь», і гэта невыпадкова. Дадзенае прадпрыемства паспяхова справілася з няпростай сітуацыяй, якая склалася ў гэтым годзе. Завод не толькі не знізіў аб'ёмы вытворчасці, але і павялічыў іх.
– У нас быў зачын, два гады таму заключылі кантракты і працягваем іх выконваць. З любой сітуацыі можна знайсці выйсце, можа, трэба дзесьці рызыкаваць, прымяняць нестандартныя падыходы. «Віцязь» мабілізаваўся, працаваў адной камандай, – расказаў кіраўнік прадпрыемства Генадзь Азараў.
Гендырэктар успомніў 2012 — 2015 гады, калі завод выпускаў прыкладна тысячу тэлевізараў у год. А сёння «Віцязь» увайшоў у топ-5 лепшых брэндаў у Расіі. Віцебскія тэлевізары з задавальненнем купляюць і ва Украіне, Казахстане, Малдове — 90% вырабленай прадукцыі ідзе на экспарт. Тэлевізійная лінейка пастаянна пашыраецца і павялічвае аб'ёмы. Запатрабаваныя таксама і медыцынская тэхніка (апаратура для стэрылізацыі, ачысткі паветра), вырабы з пластыку.
– Вядома, мы сутыкнуліся з праблемай у абмежаванні кантактаў, не мелі магчымасці наведваць міжнародныя выставы, дзе традыцыйна шукаем партнёраў, заключаем новыя кантракты. Але важна, што не страцілі рынкі, – адзначыў Генадзь Пятровіч.
Генадзь Азараў расказаў пра перспектыўныя планы завода, звязаныя, у прыватнасці, з вытворчасцю сістэм зарадкі электрамабіляў. На «Віцязі» распрацоўваецца станцыя магутнасцю 180 кілават. Гэта суперхуткая станцыя, запатрабаваная на рынку.
У цэлым вынікі развіцця прамысловасці рэгіёну падвёў першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Мацкевіч.
– У бягучым годзе праца прамысловага комплексу залежала ад шэрагу прычын, у тым ліку ад эпідэміялагічнай сітуацыі, закрыцця межаў, недастатковых паставак сыравіны на «Нафтан» і іншых. У выніку індэкс прамысловай вытворчасці па вобласці склаў 98% да аналагічнага перыяду мінулага года. Тым не менш у сямі з 13 подсекцый апрацоўчай прамысловасці ўдалося павялічыць аб'ём вытворчасці. За першае паўгоддзе прамысловым комплексам Віцебшчыны забяспечана рэнтабельная і прыбытковая праца, – падкрэсліў Алег Мацкевіч.
І прывёў канкрэтныя лічбы. Калі ў мінулым годзе рэнтабельнасць была 6%, то ў гэтым склала 10,3%, чысты прыбытак з 297 млн рублёў вырас да 571 млн. У вобласці ідзе актыўная праца па стварэнні новых вытворчасцей, за апошнія гады адкрыты і паспяхова функцыянуюць многія прадпрыемствы, у тым ліку малога бізнесу.
У бягучым годзе працягваюцца тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя Аршанскага льнокамбіната, ААТ «Полацк-Шкловалакно», «Нафтана», «Энергакомплекта», «Белвеста». Да канца года плануецца ўвесці завод па вытворчасці металічнага ліста і белай бляхі ў Міёрах. Гэта адзіны ў сваім родзе вытворца бляхі электралітычнага луджэння і халоднакачанага ліста ў Беларусі. Ужо зараз на заводзе вырабляецца халоднакачаны метал, які адразу знайшоў рынак збыту. У гэтым годзе выраблена імпартазамяшчальнай прадукцыі на 260 млн долараў, прырост склаў каля 8% да адпаведнага перыяду 2019-га.
– Прамысловасць Віцебшчыны залежыць ад рынкаў, бліжніх і далёкіх. Каля 60% усёй прадукцыі, вырабленай у вобласці, ідзе на экспарт. Мы працуем над тым, каб выканаць даручэнне ўрада па вытрымліванні суадносін па экспарце: 30% – пастаўкі ў Еўрасаюз, 30% – у ЕАЭС і 30% – у Расію. Плюс унутраны рынак – перш за ўсё імпартазамяшчэнне. Пандэмія паказала, што ў гэтым напрамку таксама трэба працаваць. Просты прыклад: Беларусь увозіць кабелі на 300 млн долараў. Наша прадпрыемства «Энергакомплект» можа цалкам замясціць імпартуемыя аб'ёмы. Нягледзячы на пагрозы і рызыкі ў плане эканомікі, якія адбываюцца ва ўсёй Еўропе, аграпрамысловы комплекс вобласці будзе асвойваць айчынны і выходзіць на знешнія рынкі. Яшчэ пяць гадоў таму казалі, што з нашай малочнай і мясной прадукцыяй не трапіць у далёкае замежжа, а цяпер мы паспяхова гандлюем, у прыватнасці, з Кітаем. Упэўнены, у нас усё будзе нармальна, – падвёў вынік Алег Сяргеевіч.
На пасяджэнне абласнога саюза наймальнікаў запрасілі пераможцаў конкурсу сярод маладых вучоных і спецыялістаў. Уручаючы дыпломы пераможцам, Алег Мацкевіч адзначыў, што далейшае развіццё прамысловасці немагчыма без аб'яднання навукі і вытворчасці, цеснага супрацоўніцтва навучальных устаноў, прадпрыемстваў і органаў улады. Адной з мер прымнажэння інтэлектуальнага рэсурсу стала рашэнне ў 2006 годзе аб правядзенні конкурсу. У 2020-м на яго было прадстаўлена 15 работ з пяці ВНУ, якія ахоплівалі шырокі спектр даследаванняў у галіне медыцыны, матэматыкі, фізікі, эканомікі, экалогіі.
Сярод узнагароджаных – аспірантка кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Віцебскага медуніверсітэта Вікторыя Земко, загадчык кафедры замежных моў і міжкультурных камунікацый МІТСО Антон Лавіцкі, дацэнт кафедры ўліку, фінансаў, логістыкі і менеджменту ПДУ Вольга Раманава, прадстаўнікі ВДУ імя П. Машэрава – аспіранты кафедры алгебры і методыкі выкладання матэматыкі Таццяна Караулава, кафедры прыкладной псіхалогіі Алена Сотнікава, кафедры хіміі Вікторыя Далматава і выкладчык гэтай жа кафедры Кацярына Кацнельсан.
– За такімі распрацоўкамі будучыня нашай беларускай эканомікі. Важна, каб яны ўкараняліся ў вытворчасць, – падкрэсліў Алег Мацкевіч.