Перспектывы развіцця сістэмы адукацыі Віцебшчыны абмеркавалі на абласной канферэнцыі педагогаў
Педагогі разам з навучэнцамі правяралі чысціню вады, даследавалі цеплаправоднасць розных матэрыялаў, назіралі за раслінамі пры дапамозе электронных мікраскопаў, дэманструючы магчымасці сучасных кабінетаў хіміі і фізікі. Дашкольныя ўстановы паказвалі сучасны дзіцячы інвентар для развіцця дробнай маторыкі ў малых – так званыя бізі-машынкі і бізі-дамы, пра якія яшчэ нядаўна нават не марылі. СШ №2 Верхнядзвінска, якая нядаўна атрымала статус «Школы будучыні», абзавялася лазерным гравіравальным станком. Сённяшнім дзецям можна толькі пазайздросціць!
– Мы мэтанакіравана працуем над умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі Віцебшчыны, – адзначыў Мікалай Шарстнёў. – У выніку павышэння эканамічнай эфектыўнасці сістэмы з'яўляюцца грошы на канкрэтныя праекты і мерапрыемствы. За тры апошнія гады гэта больш чым 90 млн рублёў, з якіх 22,5 млн патрачаны на набыццё новага абсталявання. На 120 адзінак абноўлены аўтобусны парк устаноў адукацыі для падвозу дзяцей. Дзякуючы канцэнтрацыі матэрыяльных і чалавечых рэсурсаў у раённых цэнтрах рэалізуецца праект «Школа будучыні», мадэрнізуюцца ўстановы адукацыі ў малых гарадах, ствараюцца сучасныя ўмовы для навучання і выхавання ў «Вёсках будучыні», забяспечваецца выкананне праграмы развіцця гарадоў Орша, Полацк, Наваполацк. Набываецца сучаснае навучальнае абсталяванне, каб ужо з дзіцячага садка ствараць неабходныя ўмовы для развіцця дзяцей.
На думку Мікалая Мікалаевіча, якасць адукацыі – гэта не столькі добрыя адзнакі, колькі правільна сфарміраваная жыццёвая пазіцыя, мэтанакіраванасць і працавітасць.
– Сёння муляр з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй больш запатрабаваны, чым эканаміст або юрыст з вышэйшай, – заўважыў старшыня аблвыканкама. – Адчуваецца недахоп працоўных рук у аграпрамысловым комплексе, будаўніцтве, лёгкай прамысловасці. Таму на першы план выходзіць прафарыентацыйная праца з навучэнцамі, іх бацькамі. Змяняюцца арыенціры і падыходы да прафадукацыі, развіваюцца новыя прафесійныя кампетэнцыі. Таму пры ацэнцы якасці работы ўстаноў адукацыі цяпер будуць улічвацца не толькі алімпіядны рух, вынікі ЦТ і гэтак далей, але і ўменне кіраўнікоў будаваць індывідуальную работу па прафарыентацыі. Пры гэтым падтрымка адораных дзяцей працягнецца – толькі ў 2019-м на гэта накіравана 620 тыс. рублёў.
Мікалай Шарснёў адзначыў станоўчыя зрухі ў развіцці прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці, якая паступова набліжаецца да стандартаў XXI стагоддзя: мадэрнізуецца навучальнае абсталяванне, навучэнцы агратэхнічных навучальных устаноў у абавязковым парадку праходзяць вытворчую практыку ў лепшых сельгасарганізацыях вобласці, на базе вядучых каледжаў адкрываюцца рэсурсныя цэнтры па розных прафесійных спецыяльнасцях.
Таксама кіраўнік вобласці звярнуў увагу педагогаў на дэмаграфічную праблему, ахову маладых спецыялістаў, бяспеку і эстэтыку навучальных устаноў.
– Напярэдадні новага навучальнага года неабходна падтрымаць сем'і, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, – падкрэсліў ён. – Усе дзеці павінны быць гатовыя да школы.
Гатоўнасць нумар адзін
Паводле інфармацыі начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Хомы, да новага навучальнага года для ўстаноў адукацыі вобласці набыта 57 камп'ютарных класаў, 457 камп'ютараў, 95 мультыбордаў і інтэрактыўных дошак, 42 школьныя аўтобусы, 3 млн выдаткавана на абнаўленне мэблі, 8,5 млн – тэхналагічнага і халадзільнага абсталявання харчаблокаў.
– Сёння ў вобласці на ўсіх узроўнях простай улады склалася дакладнае разуменне перспектыў развіцця сістэмы адукацыі, – адзначыў Дзмітрый Леанідавіч. – Пры гэтым галоўная ўмова стабільнага развіцця – выніковая праца кожнага з нас: кіраўніка, настаўніка, метадыста, педагога, тых, хто працуе ў дзіцячым садзе, школе, ліцэі, каледжы ці ўніверсітэце, развівае таленты і здольнасці дзяцей ва ўстановах дадатковай адукацыі.
У новым навучальным годзе на Віцебшчыне дзверы адчыняць 344 установы агульнай сярэдняй (23 гімназіі) і 536 дашкольнай адукацыі. Да наступнага навучальнага года завершыцца будаўніцтва школы ў віцебскім мікрараёне Білева-2 на 1020 месцаў.
Дзмітрый Хома адзначыў высокі кадравы патэнцыял педагогаў вобласці: у 94,2% з іх вышэйшая адукацыя, 80% маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі, 36 атрымалі найвышэйшую катэгорыю «настаўнік-метадыст». Дарэчы, у гэтым навучальным годзе ва ўстановы адукацыі прыйдзе 554 маладых спецыяліста, Дзмітрый Леанідавіч падкрэсліў, што неабходна прыкласці максімальныя намаганні, каб яны замацаваліся на сваіх працоўных месцах.
– Аптымізацыя сеткі навучальных устаноў дазволіла павялічыць напаўняльнасць школ, мы практычна адышлі ад класаў з адным вучнем, – паведаміў ён. – У вобласці створаны ўмовы для эфектыўнай працы ўсіх тыпаў устаноў адукацыі.
Што новага?
Ігар Карпенка, размаўляючы з журналістамі, адзначыў, што галоўная задача ўсёй сістэмы адукацыі – стварыць роўныя магчымасці для развіцця дзяцей ва ўсіх рэгіёнах, вёсках і гарадах. Зрэшты, лакальныя асаблівасці ўлічваць даводзіцца: з 2020 года сістэма адукацыі Беларусі пераходзіць на нарматыўнае фінансаванне: грашовае забеспячэнне ўстаноў адукацыі будзе наўпрост залежаць ад іх напаўняльнасці. Але пры гэтым для малакамплектных устаноў у сельскай мяснасці ўводзяцца спецыяльныя каэфіцыенты.
Міністр адукацыі анансаваў магчымыя новаўвядзенні, якія набудуць канкрэтныя абрысы пасля нарады ў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у бліжэйшыя месяцы.
– Пільную ўвагу трэба надаць зместу адукацыі, – адзначыў Ігар Карпенка, – вызначыцца з вучэбнымі прыярытэтамі: узмацніць гуманітарны блок ці тэхнічны? Абмяркуем гэта на нарадзе. Думаем, за кошт чаго разгрузіць навучэнцаў. У гэтым навучальным годзе ў 6-х і 8-х класах паспрабавалі гэта зрабіць шляхам скарачэння гадзін АБЖ. Ёсць рэзерв па разгрузцы навучэнцаў у выніковай атэстацыі. У нас сёння розныя па форме экзамены ў ВНУ і ў школе, часта за тэстамі не відаць абітурыента. Трэба перагледзець гэты момант у арганізацыйным плане. Вельмі эфектыўныя педагагічныя класы, пасля якіх матываваныя дзеці могуць паступаць у педагагічныя ВНУ толькі па гутарцы. Сёлета таксама з'явяцца профільныя класы IT-напрамку, аграрныя, спартыўна-педагагічныя. Адукацыя павінна пастаянна развівацца.
На ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі вобласці сёлета ўжо выдзелена больш за 50 млн рублёў. Гэта ў 4,5 раза больш, чым, напрыклад, у 2016-м.