Перспектывы развіцця ў Беларусі рынку каштоўных паперкаў ацэняць дэпутаты на выязным пасяджэнні ў Міёрах
6 кастрычніка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Становішча і перспектывы развіцця ў Беларусі рынку каштоўных папер *ацэняць дэпутаты Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасці падчас выязнога пасяджэння ў Міёрах Віцебскай вобласці 6 і 7 кастрычніка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня камісіі Яўген Арцюшэнка.
У бліжэйшы час у Палату прадстаўнікоў павінны паступіць два законапраекты, якія тычацца рынку каштоўных папер: законапраект аб унясенні паправак у закон "Аб дэпазітарнай дзейнасці і цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер у Рэспубліцы Беларусь" і праект закона "Аб эмісійных каштоўных паперах і прафесійных удзельніках рынку каштоўных папер". Менавіта гэтыя два дакументы будуць у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў выязнога пасяджэння. Акрамя дэпутатаў, да дыскусіі далучацца прадстаўнікі дэпартамента па каштоўных паперах Мінфіна (яны з'яўляюцца вядучымі распрацоўшчыкамі законапраектаў) і розных акцыянерных таварыстваў, якім трэба будзе працаваць па новых законах. "У Беларусі ёсць асацыяцыя, якая займаецца рынкам каштоўных папер, аб'ядноўвае прафесійных удзельнікаў рынку. Цікава даведацца, якімі яны бачаць перспектывы развіцця рынку каштоўных папер у нашай краіне", - адзначыў Яўген Арцюшэнка.
На яго думку, айчынны фондавы рынак "знаходзіцца нават не ў зародкавым стане", а беларускае грамадства ў цэлым і кожны грамадзянін асобна не гатовыя ўдзельнічаць у правядзенні аперацый на рынку каштоўных папер. У той час як у іншых краінах першасныя інвестары, гэта значыць фізічныя асобы, з'яўляюцца велізарнай часткай трымальнікаў пакетаў акцый. Напрыклад, у ЗША - кожны другі амерыканец.
Інертнасць беларусаў на рынку каштоўных папер парламентарый тлумачыць незнаннем спецыфікі гэтай сферы і асаблівасцямі менталітэту. Справа ў тым, што рынак каштоўных папер падвержаны псіхалагічным чаканням, уплыву суб'ектыўных фактараў. "Напрыклад: зіма будзе халодная ці не? Ці варта ўкладвацца ў мазутныя ф'ючарсы ці не варта? Тэарэтычна, калі зіма будзе халодная, то мазуту спатрэбіцца больш. Калі яго трэба больш, значыць, цэны пойдуць уверх, і на гэтым можна зарабіць. А калі - не?" - сказаў Яўген Арцюшэнка, дадаўшы, што ў большасці сваёй беларусы не гатовыя да асабістых рызык і ў выпадку фінансавай няўдачы на фондавым рынку па звычцы шукаюць вінаватых, тых, хто пакрые страты. "У нас народ лічыць, што калі ўклаўся, трэба гарантавана мець аддачу", - упэўнены дэпутат. Але ў выпадку з акцыямі гэта не заўсёды так, у гэтай сферы дзейнічае прынцып "Гатовы да прыбытку - будзь гатовы і да страт".
Яўген Арцюшэнка лічыць, што законапраекты, якія будуць унесены ў парламент, наўрад ці істотна зменяць сітуацыю на фондавым рынку. "Заканадаўства ў галіне рынку каштоўных папер з'яўляецца досыць інертным і касцяным. Папраўкі, якія будуць унесены, прадыктаваны правапрымяняльнай практыкай. Рэвалюцыі (на рынку каштоўных папер у сувязі з прыняццем новых законапраектаў. - Заўвага БЕЛТА) не адбудзецца", - рэзюмаваў парламентарый.-0-