Першы беларускі аўтамабіль хуткай медыцынскай дапамогі будзе прэзентаваны ў Віцебску ў сакавіку
2 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Прэзентацыя першага беларускага аўтамабіля хуткай медыцынскай дапамогі пройдзе ў Віцебску ў канцы сакавіка, паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі кіраўнік адміністрацыі СЭЗ "Віцебск" Сяргей Сташэўскі.
Аўтамабіль створаны рэзідэнтам СЭЗ - беларуска-расійскім сумесным таварыствам з абмежаванай адказнасцю "Грандзіскар". Па словах Сяргея Сташэўскага, два першыя аўтамабілі былі сабраны ў снежні і цяпер праходзяць сертыфікацыйныя выпрабаванні. Мадэль будзе выпускацца на базе шасі "Фальксваген". Кошт беларускай машыны хуткай дапамогі каля 70 тыс. еўра, што на 30-35% танней за замежныя аналагі.
У цяперашні час прадпрыемства працуе на арандаваных плошчах, але да канца 2011 года плануе адкрыць уласны завод па вытворчасці спецтэхнікі - аўтамабіляў для аховы здароўя, сілавых структур, сацыяльнага таксі. У аснове вытворчага працэсу будзе выкарыстоўвацца тэхналогія буйнавузлавой зборкі. На першым этапе прадугледжваецца вырабляць 1,5 тыс. аўто ў год. Працоўныя месцы атрымаюць каля 100 чалавек. -0-