Першая энцыклапедыя беларускага шоу-бізнэсу прэзентавана на «Славянскім базары»

14 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першая энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі прэзентавана сёння на фестывалі мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", перадае карэспандэнт БЕЛТА. Ініцыятарам выдання, аўтарам ідэі і складальнікам стаў журналіст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрый Падбярэзскі. Паводле яго слоў, галоўная мэта гэтага выдання - прыбраць белыя плямы з гісторыі беларускай папулярнай музыкі. Энцыклапедыя ахоплівае перыяд з 1939 года да цяперашняга часу і змяшчае каля 570 артыкулаў, прысвечаных як асобным выканаўцам і калектывам, так і прадстаўнікам калямузычных прафесій - кліпмейкерам, гукарэжысёрам, дыджэям, прадзюсарам. У артыкулах выдання змяшчаецца кароткая інфармацыя пра жыццёвы і творчы шлях асобы, звесткі аб яго гастролях, удзеле ў фестывалях, музычных узнагародах, дыскаграфія, пералік кліпаў, а таксама кантактная інфармацыя. Пры адборы кандыдатур аўтар зыходзіў з трох крытэрыяў: наяўнасць у выканаўцы хаця б аднаго фабрычна выдадзенага трэка, прысваенне лаўрэацкага звання на конкурсе статусам не ніжэй за нацыянальны і прафесійны стаж працы на сцэне не менш за 5 гадоў. Адкрывае энцыклапедыю артыкул аб Іскуі Абалян, а завяршае - аб гурце VAR. Тыраж кнігі складае 2 тыс. экзэмпляраў. Дзмітрый Падбярэзскі зусім не згодны з меркаваннем аб тым, што ў Беларусі адсутнічае шоу-бізнес. Аўтар ужо рыхтуе другое дапоўненае і выпраўленае выданне сваёй энцыклапедыі. Яго дапоўняць каля 30 артыкулаў аб новых асобах беларускай папулярнай музыкі. Яно будзе мультымедыйным і ўключаць хаця б па адным трэку. -0-