Першая чарга культурна-аздараўленчага цэнтра ўрачыста адкрыта ў Лёзне
Невялікія райцэнтры не павінны саступаць буйным гарадам у пытаннях развіцця сацыяльна-культурнай інфраструктуры. Гэта адзначыў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падчас урачыстага мерапрыемства з нагоды адкрыцця першага пускавога комплексу культурна-аздараўленчага цэнтра ў Лёзне.
"Палітыка кіраўніцтва аблвыканкама
накіравана на тое, каб райцэнтры, невялікія пасёлкамі не саступалі вялікім
гарадам у пытаннях сацыяльна-культурнай інфраструктуры. Каб у такіх гарадскіх
пасёлках, як Лёзна, былі створаны ўсе ўмовы для годнага жыцця і працы. А
для гэтага патрэбны добры дзіцячы сад і школа, музычная школа, спартыўная зала,
басейн і г.д. І вось гэты аб'ект, які мы сёння адкрываем, якраз дапаможа
палепшыць сацыяльную сферу райцэнтра", - сказаў кіраўнік вобласці.
Губернатар адзначыў, што ў эканамічным
сэнсе цяпер не самы просты час. "Фінансаў не хапае, і можна знайсці
мноства аргументаў, каб нічога не рабіць. А можна, наадварот, засяродзіць
увагу, мабілізавацца і дамагчыся добрага выніку. І вось гэты
культурна-аздараўленчы цэнтр - яскравы прыклад сумеснай працы на карысць
людзям", - падкрэсліў Мікалай Шарстнёў.
Ён таксама цёпла павіншаваў жанчын з Днём
матчынай любові і адзначыў, што ў новым цэнтры дзеці змогуць набірацца сіл у спартыўных
секцыях, развіваць уменні і таленты ў гуртках, далучацца да нацыянальнай
культуры і асвойваць народныя рамёствы. "Для бацькоў вельмі важна
ганарыцца сваімі дзецьмі. Усім жадаю менавіта такога пачуцця, каб дзеці былі
годнасцю для сваіх маці і для ўсёй вобласці", - сказаў кіраўнік
рэгіёна.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка адзначыў, што ў апошні час у Лёзненскім раёне шмат зроблена для таго, каб жыццё стала больш камфортным і шчаслівым. "Раён развіваецца. Вашы ўстановы культуры -адны з лепшых у галіне, што не дзіўна, Лёзненскі край багаты гісторыяй і традыцыямі. Новы цэнтр, які мы ў бліжэйшы час дабудуем, будзе спрыяць таму, каб спартыўнае і культурнае жыццё раёна стала яшчэ больш яркім і насычаным", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка. У завяршэнне ён паздравіў жанчын з Днём маці, пажадаў жыхарам дабрабыту, а раёну - працвітання.
Алена Ціханава - БЕЛТА.