Першая раённая стаматалагічная паліклініка адкрыецца ў верасні ў Віцебскай вобласці

9 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першая раённая стаматалагічная паліклініка адкрыецца ў канцы верасня ў Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Андрэй Андрушкін. Піянерам стане Глыбоцкі раён. Менавіта тут неўзабаве пачне функцыянаваць пакуль адзіная ў вобласці раённая стаматалагічная паліклініка. Да гэтага жыхары вобласці маглі скарыстацца паслугамі толькі адной абласной, чатырох гарадскіх - у Віцебску, Оршы, Наваполацку і Полацку - і адной дзіцячай паліклінік або наведаць стаматалагічныя кабінеты пры цэнтральных раённых бальніцах і ўрачэбных амбулаторыях. Раённая стаматалагічная паліклініка будзе аказваць тэрапеўтычную, хірургічную і зубапратэзную дапамогу. Яе магутнасці разлічаны прыкладна на 400 наведванняў у змену. На рэканструкцыю будынка і закупку абсталявання з мясцовых бюджэтаў накіравана Br1,5 млрд. Як падкрэсліў Андрэй Андрушкін, адкрыццё новай паліклінікі дасць магчымасць жыхарам бліжэйшых раёнаў атрымліваць сучасную, кваліфікаваную стаматалагічную дапамогу. Акрамя таго, скарыстацца паслугамі глыбоцкіх стаматолагаў змогуць і замежныя пацыенты. -0-