Першая сесія моладзевага парламента Віцебскай вобласці запланавана на лістапад
Першая сесія моладзевага парламента Віцебшчыны, на якой будзе вызначаны склад і кіраўніцтва новай маладзёжнай структуры рэгіёна, запланавана на лістапад. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у абласным камітэце ГА "БРСМ".
Пагадненне аб стварэнні моладзевага парламента Віцебскай вобласці было падпісана ў гэтым месяцы падчас выставы-прэзентацыі праектаў рэспубліканскага конкурсу "100 ідэй для Беларусі". У падпісанні ўдзельнічалі некалькі грамадскіх арганізацый Прыдзвінскага краю: БРСМ і БРПА, РГА "Белая Русь", Федэрацыя прафсаюзаў, Фонд міру, Чырвоны Крыж і іншыя. Кожная арганізацыя дэлегуе па два члены ў склад моладзевага парламента, каб кансалідаваць свае сілы і веды ў мэтах рэалізацыі моладзевай палітыкі і больш важкага ўдзелу ў прыняцці рашэнняў органамі ўлады. У палажэнні аб новай структуры агаворваецца распрацоўка і ўнясенне прапаноў да разгляду ў дзяржаўныя органы ўлады. У 2015 годзе, які аб'яўлены Годам моладзі, грамадскія арганізацыі маюць намер даць добры старт новай ініцыятыве.
Стварэнне моладзевага парламента вобласці абмяркоўвалася даўно, разглядаўся вопыт суседняя Расіі. У вобласці ўжо працуе моладзевы парламент у Наваполацку і Лёзне, якія зарэкамендавалі сябе як дзейсныя памочнікі кіраўніцтва раёнаў. Да іх меркавання і свежага погляду на праблемы прыслухоўваюцца, што ў выніку дае станоўчы эфект. Таму ініцыятыву Віцебшчыны падтрымалі ў Цэнтральным камітэце БРСМ і ўскладаюць на яе вялікія надзеі, падкрэслілі ў абкаме.
Кацярына Князева