Першая стартап-школа адкрыецца ў Віцебску

Тры школы пачнуць працу ў Мінску, яшчэ тры — у Брэсце, Гродне і Віцебску. Абласныя школы будуць арыентаваны на запуск розных відаў бізнесу, сталічныя — на рэалізацыю вытворчых і навуковых праектаў, а таксама студэнцкіх праектаў БДТУ. Пра гэта нам паведамілі ў грамадскім аб'яднанні «Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу».

Стартап-школа (start.by) — гэта новы некамерцыйны праект, які дапамагае ў запуску і развіцці бізнесу. Яе базавы прынцып — бізнесу можа навучыць толькі прадпрымальнік. Таму экспертамі выступаюць людзі, якія на уласных поспехах і памылках навучыліся запускаць бізнес і кіраваць ім.

Разам з тым стартап-школа спрыяе рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016 — 2020 гады, дзе асаблівая ўвага удзяляецца мерапрыемствам па папулярызацыі навукова-тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і інавацыйнага прадпрымальніцтва. Стартап-школа спрыяе павышэнню дзелавой актыўнасці насельніцтва, развіццю малога і сярэдняга бізнесу, стварэнню працоўных месцаў.

Стартап-школа пачнецца з інтэнсіўнага курса, дзе ўдзельнікам трэба будзе прайсці шлях ад ідэі да стартапу ўсяго за 9,5 тыдня. На першым занятку інтэнсіва будуць сфарміраваны дзесяць каманд. Яны пазмагаюцца за прызы, фінансаванне, увагу СМІ, траплянне на конкурс «Дзень інвестара». У выніку да канца гэтага года ў стартап-школах пройдуць апрабацыю 60 ідэй, кожная з якіх можа стаць паспяховым бізнесам.

Гэты праект стаў магчымым дзякуючы падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці і ініцыятыве такіх арганізацый, як «Таварыства садзейнічання інавацыйнаму бізнесу», «Мінскі гарадскі тэхнапарк», «Віцебскі бізнес-цэнтр», Гродзенскае абласное ўпраўленне фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва, Брэсцкі мясцовы фонд рэгіянальнага развіцця, Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, «Лабараторыя інтэлекту».

Заняткі стартап-школы ў Віцебску стартуюць 2 верасня.

Падрыхтаваў Віталь ШЫЕНОК, «Віцьбічы».