Першая тэатральная пастаноўка па кнізе С. Алексіевіч «Апошнія сведкі» ажыццёўлена на віцебскай сцэне

24 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першая тэатральная пастаноўка па кнізе вядомай беларускай пісьменніцы Святланы Алексіевіч "Апошнія сведкі" ажыццёўлена на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я.Коласа ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Уладзімір Савіцкі. Прэм'ера пастаноўкі, прысвечанай 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбудзецца 30 чэрвеня. Яе змест - гэта адлюстраванне кнігі, якая складаецца з маналогаў дзяцей вайны. У кнізе Алексіевіч сабрана звыш 100 такіх гісторый. Старэйшае пакаленне артыстаў-коласаўцаў, увесь цвет тэатра - Святлана Акружная, Тадэуш Кокштыс, Пётр Ламан, Валянціна Петрачкова і іншыя - у суправаджэнні дзіцячага хору "Дзвіна" прачытаюць 20 з іх. Паводле сцэнарыя пажылыя вучні па прапанове класнай дамы раскажуць пра ўспаміны свайго дзяцінства. Але гэта не біяграфіі дзяцей ваенных гадоў, а самыя яркія ўспаміны таго часу, якія засталіся ў памяці на ўсё жыццё. Жахлівыя, кранальныя, наіўныя, не па-дзіцячы разважлівыя... Інсцэніроўка Уладзіміра Савіцкага па кнізе Алексіевіч стала пераможцам літаратурнага конкурсу на лепшы твор для пастаноўкі да 65-годдзя вызвалення Беларусі, які праводзіла Міністэрства культуры. Віцебскую сцэну для ўвасаблення свайго твора рэжысёр Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы выбраў не выпадкова. "Дзеянне фактычна кожнага другога маналога "Апошніх сведкаў" разгортваецца на Віцебшчыне. Акрамя таго, у гэтым тэатры зусім асаблівая атмасфера", - растлумачыў аўтар. На прэм'еру, а таксама ў іншыя дні паказу будуць запрошаны ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. Аднак у большай ступені пастаноўка, на думку Уладзіміра Савіцкага, разлічана на моладзь. Менавіта ў маладых людзей, якія не ведаюць жахаў вайны, вуснамі акцёраў ён хоча спытаць, ці трэба сёння нагадваць аб мінулай трагедыі. І ці зможа сённяшняе пакаленне перажыць гэта пекла і захаваць чалавечую годнасць, уменне любіць і спачуваць, ці кожныя сто гадоў, а то і часцей чалавецтву неабходна праходзіць праз такую "чыстку", каб памятаць і ўсведамляць усю значнасць агульначалавечых каштоўнасцей? Напярэдадні Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" на сцэне коласаўскага тэатра адбудзецца яшчэ адна цікавая прэм'ера. 7 ліпеня прыхільнікам тэатральнага мастацтва будзе прадстаўлены спектакль "Прывітанне, Альберт!" Віталя Бракоўскага, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння Альберта Эйнштэйна. У яркай мастацкай форме, з дапамогай арыгінальных пастановачных прыёмаў стваральнікі пастаноўкі пазнаёмяць гледачоў з таленавітым вучоным, музыкантам і проста мудрым чалавекам.-0-