Першая ў Беларусі гасцініца расійскай гасцінічнай сеткі Amaks Grand Hotels з'явіцца ў Віцебску

19 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пратакол намераў аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім гарвыканкамам і ТАА "Amaks Grand Hotels" (Масква) па стварэнні сучаснага турыстычна-гасцінічнага комплексу ў Віцебску падпісаны на міжнародным інвестыцыйным форуме, які праходзіць сёння ў абласным цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Член Савета дырэктараў расійскай кампаніі Дзмітрый Златкін у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА адзначыў, што Amaks Grand Hotels разглядае Беларусь як самы перспектыўны рэгіён для развіцця. "Зараз прыярытэтам для нашай кампаніі з'яўляецца выхад на міжнародны рынак, і пачаць мы вырашылі менавіта з беларускага рынку гасцінічных паслуг як самага перспектыўнага для нас", - сказаў ён. Падпісаны сёння дакумент прадугледжвае стварэнне гасцінічнага комплексу ўзроўню "4 зоркі" на базе гасцініцы "Віцебск". Аб'ект плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў маі 2010 года. Аб'ём інвестыцый у падобныя праекты ў Расіі складае каля $7 млн., удакладніў Дзмітрый Златкін. У якасці патэнцыйных аб'ектаў для рэалізацыі інвестпраектаў расійскія бізнесмены разглядаюць гасцініцы з вялікім нумарным фондам, немалаважным фактарам з'яўляецца іх размяшчэнне. Гасцініца "Віцебск" знаходзіцца ў цэнтры горада, гістарычнай яго частцы. Пры гэтым абласны цэнтр, маючы імідж культурнай сталіцы Беларусі, выгадна размешчаны на скрыжаванні транспартных патокаў. Менавіта гэтыя фактары і прыцягнулі інвестара пры прыняцці рашэння аб рэалізацыі першага замежнага праекта менавіта ў Віцебску. "Мы хочам зрабіць праект у Віцебску іміджавым складнікам паспяховага развіцця бізнесу ў Беларусі, які таксама зможа спрыяльна ўплываць на бізнес-камунікацыі расійскіх і беларускіх дзелавых колаў", - адзначыў Дзмітрый Златкін. Акрамя таго, расійскі інвестар вядзе перамовы аб рэалізацыі аналагічных праектаў у іншых абласных цэнтрах Беларусі. Расійская гасцінічная сетка Amaks Grand Hotels уключае 16 гасцініц з агульным нумарным фондам 3,5 тыс. нумароў, а таксама 7 санаторыяў. Атэлi сеткі прадстаўлены ў Падмаскоўі, Пермі, Уфе, Растове-на-Доне, Тамбове, Варонежы, Казані, Есентуках і іншых расійскіх гарадах. Усе гасцініцы аб'яднаны адным брэндам, адзінымі стандартамі, сістэмай навучання персаналу, сістэмай паставак і кліенцкай базай. Турыстычна-гасцінічны комплекс "Віцебск" уведзены ў эксплуатацыю ў 1973 годзе. Гэта 12-павярховы будынак агульнай плошчай больш за 10,8 тыс. кв.м. Жыллёвы фонд складае 225 нумароў на 297 месцаў, у тым ліку 12 нумароў "люкс", 96 - бізнес-класа і 117 нумароў эканом-класа.-0-