Першая ў Беларусі карцінная галерэя ў пуні адкрылася ў Міёрскім раёне

Первая в Беларуси картинная галерея в пуне открылась в Миорском районе
У вёсцы Мілашова Міёрскага раёна адкрылася першая ў краіне карцінная галерэя ў сараі для сушкі сена. Незвычайная гаспадарчая пабудова знаходзіцца на падворку вяскоўца Сцяпана Масла, які першапачаткова пераабсталяваў памяшканне для захоўвання работ унучкі. «Пуня» ўжо папулярная – сюды свае палотны прывезла вядомая беларуская мастачка Аксана Аракчаева.


Прызнаны віртуоз жывапісу, лаўрэат літаратурнай прэміі Васіля Віткі, яна ўдзельнічае ў выстаўках з 1986 года. Аксана Барысаўна намалявала сотні партрэтаў вядомых беларускіх дзеячаў культуры, праілюстравала больш за 50 кніг. Даведалася пра нестандартны праект ад сваёй юнай вучаніцы — унучкі Сцяпана Масла Крысціны Баранавай, якая вучыцца ў акадэміі мастацтваў на тэатральнага мастака. Цяпер на сценах побач з краявідамі Крысціны красуюцца нацюрморты і партрэты настаўніцы.


– Крысціна падчас пленэраў малявала краявіды ў родным сяле і яго наваколлі, а сушыла палотны ў сараі побач з сенам, што захоўвалася, – распавядае дзед мастачкі і бацька айчыннай пісьменніцы-казачніцы Алены Масло. – Летась я добраўпарадкаваў там сапраўдную майстэрню.

Дарэчы, вернісаж у «пуні» стаў новым элементам у штогадовым творчым праекце Алены Масло «Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні». Сёлета ён пачаўся ў касцёле Божай Маці Шкаплернай у суседняя вёсцы Ідалто з прэзентацыі дыска мясцовых вясельных песень, якія паўстагоддзя таму запісаў журналіст, пісьменнік і этнограф Сяргей Панізнік з Бабышак, што на Міёршчыне.

– У 1969 годзе Сяргей прыехаў у вёску Леанопаль на маё вяселле, – узгадвае пенсіянерка Яўгенія Адамовіч. – На грудзях два фотаапараты, у руках – дыктафон. Усё ўрачыстасць здымаў, размаўляў з людзьмі, запісваў песні на плёнку.

Праз паўвека за алічбоўку культурнай спадчыны ўзяўся прафесійны музыка Сяргей Долгушаў. У выніку выдаў дыск «Песні і найгрышы вяселля вёскі Лявонпаль і яе наваколляў у запісах Сяргея Панізніка 1968-1969 гадоў».

На мерапрыемстве ў касцёле сабраліся амаль усе мясцовыя жыхары. Пад скляпеннямі храма выступіла нямала вядомых гасцей. Напрыклад,

этнаграф і эксперт перадачы «Беларуская кухня» Ларыса Мятлеўская паўстала перад гледачамі ў вясельным строі свацці з палескага рэгіёну. Салісты полацкай фальклорнай групы «Варган» выканалі даўнія вясельныя песні, а Сяргей Даўгушаў зайграў на рэдкім колавым смыку.

Ігар МАТЭЛЁНАК. Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА. "Міёрскія навіны".