Першая ў Беларусі музейная карта з'явілася ў Полацку

9 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Першая ў Беларусі музейная карта - шматразовы білет у музей - з'явілася ў Полацку, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Полацкага гарвыканкама Ігар Загрэкаў. На асабовым баку шматразовага білета намаляваны план Полацкага езуіцкага калегіума з гравюры 1785 года і скульптура архангела Міхаіла, якая захоўваецца ў Полацкім Сафійскім саборы. На адваротным баку намаляваны помнік полацкаму князю Усяславу Брачыславічу, больш вядомаму па "Слове аб палку Ігаравым" як Усяслаў Чарадзей, і спіс музеяў, якія можна наведаць дзякуючы гэтай карце. У яго ўвайшлі ўсе 11 музеяў Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Кошт адзінага білета Br11 тыс., у той час як адно наведванне музея па звычайным білеце абыходзіцца ў Br2 тыс.-Br3 тыс. Першыя 30 білетаў ужо сталі не толькі пропускам да знаёмства з каштоўнымі калекцыямі Полацка, але і сапраўднымі сувенірамі. Цяпер на фабрыцы Дзяржзнака друкуецца наступная серыя адзінай музейнай карты, якую можна будзе купіць у любым з 11 полацкіх музеяў. Як адзначыў Ігар Загрэкаў, знакамітыя турыстычныя цэнтры Еўропы і Азіі даўно выкарыстоўваюць музейную карту. Напрыклад, у Парыжы па ёй можна наведаць каля 70 музеяў. У Беларусі пакуль няма падобнага досведу, аднак з развіццём уязнога турызму стварэнне музейнай карты становіцца неабходнасцю. Рэалізацыя праекта па стварэнні адзінай музейнай карты Полацка стала магчымай дзякуючы беларуска-шведска-латвійскаму праекту "Панарама Дзвіна/Даугава". У бліжэйшы час у Полацку з'явіцца турысцка-інфармацыйная карта цэнтральна-гістарычнай часткі горада. -0-