Першая ў Беларусі перасоўная АЗС запрацуе да сярэдзіны лета

20 мая, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Першая ў Беларусі перасоўная аўтазаправачная станцыя, па прагнозах, запрацуе да сярэдзіны лета пасля завяршэння сертыфікацыі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў РУП "Беларуснафта-Віцебскаблнефцепрадукт". Плануецца, што сваю працу АЗС пачне ў Сенненскім раёне Віцебскай вобласці. Перасоўная аўтазаправачная станцыя праектавана і рэалізавана РУП "Беларуснафта-Віцебскаблнефцепрадукт" па даручэнні кіраўніка дзяржавы. Яна складаецца з трох ёмістасцей па 5 куб.м паліва кожная, шасі МАЗ-МАН. Абслугоўвае станцыю аператар-кіроўца. Перасоўная АЗС працуе без знешняй крыніцы электраэнергіі, яна аўтаматызавана, аснашчана камп'ютарам і мае магчымасць сувязі з базай, а таксама трывожную кнопку выкліку міліцыі. Запраўка прапануе кіроўцам тры віды нафтапрадуктаў па безнаяўным і наяўным разліку: 80-ы, 92-і бензін і дызельнае паліва. Што немалаважна, іх кошт не будзе адрознівацца ад цэн стацыянарных АЗС. Такім чынам, выдаткі па дастаўцы нафтапрадуктаў кампанія бярэ на сябе. Станцыя разлічана на сельскага аўтааматара, які жыве на адлегласці больш як 30 км ад стацыянарных АЗС. Мабільнае новаўвядзенне дасць магчымасць РУП "Беларуснафта-Віцебскаблнефцепрадукт" па ўзгодненым з сельскімі саветамі графіку наведваць такія населеныя пункты і аграгарадкі. Станцыя будзе працаваць па прынцыпе аўтакрамы і зможа абслужыць усіх жадаючых. Рашэнне аб тым, колькі перасоўных АЗС у перспектыве з'явіцца ў Беларусі, ПА "Беларуснафта" прыме, зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці, пасля таго, як першая станцыя будзе апрабавана на практыцы. РУП "Беларуснафта-Віцебскаблнефцепрадукт" уваходзіць у структуру ПА "Беларуснафта", якое вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу.-0-