Першая ў Віцебскай вобласці рэгіянальная акадэмія Cisco створана ў Наваполацку
7 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першая ў Віцебскай вобласці рэгіянальная акадэмія Cisco створана ў Наваполацку на базе гімназіі і сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №14, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле адукацыі Наваполацкага гарвыканкама.
У 2008 годзе Міністэрства адукацыі Беларусі адобрыла распрацаваны кампаніяй Cisco курс "Асновы ІТ" у якасці факультатыва для школ. Цяпер у Беларусі працуюць 138 сеткавых акадэмій Cisco, у якіх выкладаюць больш за 170 сертыфікаваных Cisco інструктараў і навучаюцца звыш 2,3 тыс. студэнтаў і школьнікаў. Доступ да партфоліо курсаў, распрацаваных кампаніяй Cisco Systems, прадастаўляюць сеткавыя акадэміі Cisco на базе БДУ, БНТУ, БДІР, Вышэйшага каледжа сувязі, ГДУ, ГрДУ. Большасць акадэмій, у якіх выкладаецца курс "Асновы ІТ", працуюць на базе школ, дзякуючы чаму іх выкладчыкі і вучні атрымалі доступ да навучальнай праграмы сусветнага ўзроўню нараўне з навучэнцамі з Вялікабрытаніі і Германіі, Італіі і Францыі, Расіі і ЗША.
Стварэнне рэгіянальнай акадэміі ў Наваполацку дае магчымасць праводзіць трэнінг новых інструктараў, якія ў сваю чаргу змогуць навучыць усіх ахвотных навучэнцаў у лакальных акадэміях. У цяперашні час у горадзе паспяхова дзейнічаюць тры лакальныя акадэміі на базе агульнаадукацыйных школ №10, №14 і гімназіі, у якіх займаюцца 42 вучні.
Глабальная праграма сеткавых акадэмій Cisco існуе 12 гадоў. Яна нацэлена на фундаментальную падрыхтоўку спецыялістаў па тэорыі і практыцы праектавання, будаўніцтва і эксплуатацыі лакальных і глабальных сетак з выкарыстаннем міжнародных стандартаў. Сеткавыя акадэміі Cisco выкарыстоўваюць мадэль адукацыі, якая спалучае Web-навучанне і аўдыторныя заняткі, якія ўключаюць у сябе лабараторныя работы, што даюць практычныя навыкі праектавання, будаўніцтва і абслугоўвання камп'ютарных сетак. Праграма сеткавых акадэмій Cisco дзейнічае ў 168 краінах свету, у тым ліку ў Беларусі, Азербайджане, Арменіі, Грузіі, Казахстане, Кіргізіі, Малдове, Расіі, Узбекістане, Украіне. Паспяховае супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі, кампаніі Cisco і Парка высокіх тэхналогій за два гады вывела Беларусь на першае месца па колькасці сеткавых акадэмій Cisco у краінах СНД, і цяпер яна апярэджвае традыцыйных лідараў - Расію і Украіну.-0-