Першынство Віцебскай вобласці па боксе выявіла наймацнейшых
У гарачыя дні майскіх святаў адбылося першынство Віцебскай вобласці па боксе сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі. Мерапрыемства праходзіла ў сценах Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплексу ў зале бокса імя алімпійскага чэмпіёна Вячаслава Яноўскага. На ўрачыстым адкрыцці турніру, прысвечанага памяці заслужанага трэнера Беларусі Анатоля Колчына, удзельнікі спаборніцтваў і гледачы ўшанавалі хвілінай маўчання нядаўна памерлага Анатоля Кірылавіча.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 77 спартсменаў, 7 з іх – дзяўчаты. Акрамя чатырох віцебскіх каманд за ўзнагароды змагаліся хлопцы з Наваполацка, Полацка, Лепеля, Глыбокага і Оршы. Усяго разыграна 18 камплектаў медалёў. Адным з запамінальных стаў фінальны паядынак, пераможцам якога выйшаў віцяблянін Яўген Шыенок у вагавой катэгорыі 56 кг. Трэнер СДЮШАР «Камсамолец» Аляксей Стэльмахоў распавёў, што Яўген не адзіны яго выхаванец, які заняў першае месца ў гэтых спаборніцтвах.
У сваіх вагавых катэгорыях уладальнікамі «золата» сталі Станіслаў Попкоў і Вячаслаў Вішнеўскі.
– Гэта не першыя спаборніцтвы, дзе я атрымаў перамогу, – дзеліцца ўражаннямі Вячаслаў. – Напрыклад, зусім нядаўна мы наведалі малады гарадок Костамукшу ў Расіі, дзе ўдзельнічалі ў спаборніцтвах. Як і тут, там я таксама правёў два баі, вынік – пара «залатых» медалёў за два тыдні. Планую не спыняцца на дасягнутым, развівацца і перамагаць.