Першае ў Беларусі аддзяленне міжнароднай асацыяцыі спартыўнай чанбары адкрыецца ў Віцебску
Першае беларускае аддзяленне міжнароднай асацыяцыі спартыўнай чанбары (від адзінаборстваў, які вырас з самурайскага паядынку) адкрыецца ў Віцебску на базе школы спартыўнага ушу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Віцебскай школы ушу Андрэй Калістаў.
"Японцы выказалі жаданне адкрыць беларускае аддзяленне міжнароднай асацыяцыі спартыўнай чанбары менавіта ў Віцебску, таму што з гэтага горада год таму пачалося развіццё японскага бою на мячах і распаўсюдзілася па Беларусі. Пачыналася з таго, што я прайшоў навучанне, атрымаў першы спартыўны дан і стаў навучаць дзяцей з ліку выхаванцаў школы ушу. Проста ушу - больш элітарны від адзінаборстваў, які патрабуе некалькіх гадоў падрыхтоўкі, перш чым удзельнічаць у спаборніцтвах. А ў спартыўнай чанбары ўжо з 5 гадоў дзеці могуць выступаць. Таму для іх гэта больш цікава. Я правёў майстар-класы ў нашых аддзяленнях ушу у Брэсце, Магілёве і Мінску. Так што на сённяшні дзень усяго ў Беларусі гэтым відам спорту займаюцца каля 500 дзяцей і дарослых", - растлумачыў Андрэй Калістаў.
Адкрыць афіцыйнае аддзяленне міжнароднай асацыяцыі спартыўнай чанбары стала магчымым пасля таго, як Андрэй Калістаў атрымаў інструктарскі дан у лістападзе гэтага года. Акрамя таго, каб даць урачысты старт працы аддзялення, 21 снежня ў спартыўнай зале Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны пройдзе першы рэспубліканскі турнір па спартыўнай чанбары. Чакаецца, што ў ім прымуць удзел каля 200 рабят 5-14 гадоў з Віцебска, Брэста, Мінска, Магілёва. На спаборніцтвы таксама запрошаны віцэ-прэзідэнт міжнароднай федэрацыі па спочан Анатоль Ашхотаў, галоўны трэнер зборнай Расіі Аляксандр Кім і гранд-чэмпіён свету Максіміліян Маншын.
У гэтым спорце выкарыстоўваюцца пнеўматычныя мячы, што дазваляе наносіць удары ў поўную сілу і пры гэтым пазбегнуць траўм. Для заняткаў не важны вага і ўзровень фізічнай падрыхтоўкі. Гэты спорт напоўнены драйвам і азартом, таму асабліва падабаецца дзецям. Баявое мастацтва спочан дапамагае навучыцца хуткасці прыняцця рашэнняў, набыць упэўненасць у сабе, развіць назіральнасць і ўменне прагназаваць сітуацыі. У фізічным плане практыка чанбара спрыяе развіццю сілы цягліц і цягавітасці цела, выпраўленню асанкі і паляпшэнню хады, нармалізацыі вагі. Займаючыся спочанам, чалавек адначасова падтрымлівае фізічную форму і напаўняецца станоўчымі эмоцыямі.
Кацярына Князева