Першая ў краіне імпартазамяшчальная вытворчасць па выпуску ўпакоўкі адкрылася ў Воршы
Адкрыццё першай у нашай краіне імпартазамяшчальнай вытворчасці па выпуску паковачнага матэрыялу з успёненага полістыролу адбылося напярэдадні 7 лістапада ў Оршы. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама на чале са старшынёй Мікалаем Лісоўскім, адміністрацыя СЭЗ «Віцебск» і замежныя інвестары.
Праект рэалізаваны вядомай кампаніяй «Лiнпак Пекэджынг Лiмiтэд» (Вялікабрытанія) на базе Аршанскага завода прыбораў аўтаматычнага кантролю. Рэзідэнт СЭЗ «Віцебск» – замежнае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Лiнпак Пекэджынг Іст» (даччынае падраздзяленне англійскай фірмы «Лiнпак Груп») выкупіла ў прадпрыемства частку вытворчых плошчаў і пачала тут выпуск упакоўкі для харчовых прадуктаў, зваротнай тары і пластыкавых кантэйнераў. На працягу двух гадоў дзеяння ініцыятывы прадстаўнікі дзелавых колаў Вялікабрытаніі інвеставалі ў вытворчасць больш за 10 млн долараў. «Гэта не крэдыты банкаў, а інвестыцыі на чыстай аснове, якія пайшлі на развіццё эканомікі раёна», – адзначыў першы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама Сяргей Пац.
Асноўны аб'ём прадукцыі, якая вырабляецца «Лiнпак Пекэджынг Іст» (да 90%), плануецца экспартаваць у краіны блізкага замежжа. Выхад на праектную магутнасць да 1 млн латкоў у суткі чакаецца да 2016 года, але дырэктар новага прадпрыемства Андрэй Воспанаў не выключае магчымасці скарачэння гэтага тэрміну.
На сённяшні дзень на прадпрыемстве працуюць каля 80 спецыялістаў, якія прайшлі навучанне ў Польшчы. Калі магутнасці будуць задзейнічаны цалкам, тут з'явіцца яшчэ парадку 20 працоўных месцаў.
На складзе гатовай прадукцыі ўжо ідзе адгрузка – сучасная ўпакоўка, асноўнай перавагай якой з'яўляецца функцыянальнасць і выдатная вільгацеўбіральнасць, карыстаецца вялікім попытам. Таму, па прагнозах спецыялістаў, на канец года складскія запасы складуць усяго 2% ад сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці.
Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"