Першаму ваенкаму Віцебскай губерні Сямёну Крылову ўсталявалі мемарыяльную дошку

Первому военкому Витебской губернии Семёну Крылову установили мемориальную доску
У абласным цэнтры з'явілася мемарыяльная дошка, прысвечаная першаму ваеннаму камісару Віцебскай губерні Сямёну Крылову.

Памятны знак устаноўлены на вуліцы, названай у гонар ваенкама.

— У мінулым годзе адзначалася 100-годдзе ўтварэння ваенных камісарыятаў Беларусі. Намі сумесна з абласным і гарадскім выканкамамі, прафесарска-выкладчыцкім складам ВДУ імя П. Машэрава была праведзена вялікая архіўна-даследчая праца. Удалося ўстанавіць шэраг раней невядомых фактаў. У прыватнасці, мы даведаліся, што ваенкамат Віцебшчыны ўтварыўся 21 мая 1918 года. Першымі губернскімі камісарамі сталі Сямён Крылоў і Вітаўт Путна, — сказаў ваенны камісар вобласці Руслан Шкодзін. — Сямён Мікалаевіч — актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнага руху, станаўлення савецкай улады ў нашым рэгіёне. Пад яго кіраўніцтвам ішло фарміраванне воінскіх часцей губерні, якая на той момант з'яўлялася прыфрантавой зонай. Таксама вялася праца з ваеннапалоннымі і вызваленымі ад немцаў людзьмі.

Руслан Мікалаевіч падкрэсліў, што вуліцу назвалі імем Крылова ў 1974 годзе, але першапачаткова яна асацыявалася ў мясцовых жыхароў не з камісарам, а байкапісцам. Толькі пасля развалу Савецкага Саюза, з'яўлення інтэрнэту і раскрыцця архіваў гістарычная справядлівасць узяла верх.

У цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі ўдзельнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, ваенкаматаў і грамадскіх арганізацый.

"Віцебскія весці".