Першую электраэнергію на Віцебскай ГЭС плануюць атрымаць у 2016 годзе

Выпрацоўка электраэнергіі на Віцебскай ГЭС пачнецца ўжо сёлета, паведаміў начальнік упраўлення будаўніцтва Віцебскай ГЭС РУП "Віцебскэнерга" Іван Пугачоў.

 

"На будаўніцтве ўжо выканана амаль 95% бетонных работ па будаўніцтве гідравузла і сцёкавай плаціны. Да канца мая гэтыя работы будуць завершаны", - канстатаваў Іван Пугачоў і нагадаў, што першы кубічны метр бетону на будаўніцтве быў заліты летам 2014 года. Цяпер пасля зімовага зацішша на будаўнічай пляцоўцы заўважнае ажыўленне, работы вядуцца кругласутачна. Ідзе будаўніцтва шлюза, праз які можна будзе ажыццяўляць пропуск суднаў (шырыня шлюзавай камеры 13,5 м). Пачаўся мантаж абсталявання - на плаціне ўстаноўлены 3 затворы.

 

"Затворы прадугледжаны для скіду лішняй вады ў перыяд паводкі, - растлумачыў начальнік упраўлення. - Для выпрацоўкі электраэнергіі вада Заходняй Дзвіны будзе праходзіць праз генератары і круціць лопасці. У перыяд паводкі, прыпаднімаючы затворы плаціны, можна будзе скідаць лішнюю ваду ўніз па цячэнні". У канцы красавіка пачнецца мантаж маставога крана, з дапамогай якога будуць усталёўвацца генератары. Пік мантажу асноўнага абсталявання прыпадзе на май-чэрвень, у маі пачнуцца і аддзелачныя работы. Работы вядуцца не толькі

непасрэдна на будпляцоўцы - на 80% выкананы берагаўмацавальныя мерапрыемствы ў ложы вадасховішча (уверх па цячэнні ракі) да пасёлка Сураж.

 

"Земляны дамба ўмацоўваецца спецыяльнымі матрацамі-габіёнамі, якія ўяўляюць сабой футляр з металічнай сеткі, запоўнены шчэбнем. Гэтыя габіёны мацуюцца да берагоў, каб уберагчы іх ад размывання", - растлумачыў Іван Пугачоў.

 

Па разліках спецыялістаў, перад плацінай узровень вады ў Заходняй Дзвіне паднімецца на 12 м, а ў раёне Суража вада прыбудзе на 1,5-2 м. "У выніку запаўнення вадасховішча тут з'явяцца добрыя месцы для адпачынку - штучныя вадаёмы ад 2,5 да 3 м глыбінёй з пясчанымі берагамі, якія будуць злучаны з Заходняй Дзвіной. У далейшым можна будзе арганізоўваць базы адпачынку", - сказаў Іван Пугачоў. Кантракт па будаўніцтве электрастанцыі заключаны з кітайскай нацыянальнай карпарацыяй па электраабсталяванні CNEEC. Кошт аб'екта - каля $189 млн. Будаўніцтва вядзецца за кошт крэдытаў кітайскага банка развіцця. Пры гэтым згодна з кантрактам на 30% яго кошту да будаўніцтва павінны быць прыцягнуты беларускія прадпрыемствы і выкарыстоўвацца беларускія будматэрыялы. Пры поўным запуску аб'екта выпрацоўка электраэнергіі павінна скласці 138 млн кВт у год (для параўнання: Віцебскі раён у год спажывае 105 млн кВт).

Алена Ціханава – БЕЛТА.