Першыя 20 тон адпрацаваных батарэек адправіць Віцебшчына ў Еўропу
Першая партыя – 20 тон адпрацаваных элементаў сілкавання – рыхтуецца да вывазу на перапрацоўку за мяжу. Пра гэта паведаміў кіраўнік віцебскага УП «БелВТІ-рэгіён» Фёдар Арлоў.
Тэндэр па транспарціроўцы на іх абясшкоджванне і перапрацоўку за межы Беларусі выйграла галоўнае прадпрыемства ААТ «БелВТІ», а 20 тон – гэта той аб'ём, які змяшчаецца ў адну транспартную адзінку.
Як распавёў Фёдар Арлоў, для таго, каб у Беларусі арганізаваць перапрацоўку батарэек, штогадовы іх збор павінен складаць больш за 100 тон. Толькі ў гэтым выпадку вытворчасць будзе рэнтабельнай. Пакуль жа ў нас у краіне, паводле звестак ГУ «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў», сабрана каля 40 тон адпрацаваных элементаў сілкавання, з іх у Віцебскай вобласці – каля 2 тон. Таму ў цяперашні час аптымальны варыянт – утылізацыя батарэек за мяжой.
Фёдар Фёдаравіч нагадаў таксама, што практычна ва ўсіх батарэйках утрымліваюцца таксічныя рэчывы ў выглядзе розных металаў і хімікатаў, якія пры разбурэнні карпусоў трапляюць у прыроднае асяроддзе. Таму выкідваць іх у кантэйнер са змешаным смеццем і адпраўляць на звычайныя палігоны цвёрдых бытавых адходаў нельга. Пра гэта, дарэчы, сведчыць і адпаведны значок – «перачаркнуты кантэйнер» – на саміх элементах сілкавання.
– Але пры правільным звароце яны будуць прыносіць не шкоду, а карысць, і гэта залежыць толькі ад нас. Унесці свой маленькі ўклад у абарону навакольнага асяроддзя проста. Адпрацаваныя элементы сілкавання можна здаць у месцах збору ў крамах, апусціўшы ў спецыяльна пазначаныя кантэйнеры, – дадаў Фёдар Арлоў.
Алена Алімава, «Віцебскія весці».