Першыя 324 т яблыкаў закладзены на захоўванне ў новым фруктасховішчы Талачынскага кансервавага завода
6 лістапада, Талачынскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першыя 324 т яблыкаў закладзены на захоўванне ў новым фруктасховішчы РУП "Талачынскі кансервавы завод". Урачыстая цырымонія здачы аб'екта адбылася сёння ў падраздзяленні прамысловага садаводства прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сховішча разлічана на закладку 2,4 тыс. т садавіны. Сучасная тэхналогія рэгулюемага газавага асяроддзя стварае ўмовы, пры якіх яблыкі і грушы, не губляючы сваіх спажывецкіх уласцівасцей, могуць захоўвацца да новага ўраджаю. Новыя для сябе метады працы талачынскія садавіны асвойвалі сумесна з вучонымі НАН Беларусі. На будаўніцтва аб'екта ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця пладаводства на 2006-2010 гады накіравана каля Br10 млрд.
Як распавёў журналістам дырэктар Талачынскага кансервавага завода Анатоль Анюхоўскі, прадпрыемства заклало сад у 2005 годзе. Сёлетні ўраджай - першы. Садавіны сабралі 498 т яблыкаў, з якіх 65 т ужо рэалізавалі ў гандлёвай сетцы Віцебска, 109 т перапрацавалі, астатняе заклалі на захоўванне. Акрамя яблыневых і грушавых садоў, прадпрыемства заклало ягаднікі, якія ў гэтым годзе далі 496 т ягад. У бліжэйшы час завод мае намер закупіць лінію для шокавай замаразкі і халадзільнікі для захоўвання гэтага віду прадукцыі.
Ужо ў наступным годзе прадпрыемства спадзяецца цалкам забяспечыць насельніцтва Віцебскай вобласці яблыкамі з уласнага саду.
Па выніках працы за 9 месяцаў гэтага года тэмп росту вытворчасці прадукцыі на прадпрыемстве ў супастаўных цэнах склаў 106,7% да ўзроўню студзеня-верасня 2008 года. Рэнтабельнасць вытворчасці склала 9%, чысты прыбытак дасягнуў Br700 млн.
Завод з'яўляецца бюджэтаўтваральным прадпрыемствам Талачынскага раёна. Спецыялізуецца на вытворчасці пладовых і вінаградных він, бульбянога крухмалу, макаронных вырабаў. Крухмал экспартуецца ў Расію. Агульная колькасць работнікаў - 450 чалавек.-0-