Першыя кааператыўна-інтэграцыйныя структуры створаны ў АПК Віцебскай вобласці

12 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першыя кааперацыйна-інтэграцыйныя структуры ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці створаны на базе Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі і Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Васіль Беразнякоў. Бройлерная птушкафабрыка, зацікаўленая ў уласнай вытворчасці збожжавых кармоў, дзякуючы далучэнню двух сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, зможа з іх дапамогай вырошчваць збожжавыя. Камбінат хлебапрадуктаў, які спецыялізуецца на выпуску камбікармоў, будзе працаваць у адзінай структуры са свінаводчым комплексам. Працэс устанаўлення інтэграцыйных сувязяў завяршаюць Віцебскі, Мёрскі, Аршанскі камбінаты хлебапрадуктаў і адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Віцебскі мясакамбінат", "Глыбоцкі мясакамбінат", "Лепельскі малочна-кансервавы камбінат". Яшчэ дзве кааперацыйна-інтэграцыйныя структуры будуць створаны на базе свінакомплексаў "Юбілейны" і "Задняпроўскі" шляхам далучэння да іх сельгаспрадпрыемстваў. Да канца 2009 года ў Віцебскай вобласці будуць сфарміраваны 10 кааперацыйна-інтэграцыйных структур. На думку Васіля Беразнякова, стварэнне замкнёнага цыклу ад вытворчасці да рэалізацыі канчатковага прадукту эканамічна апраўдана. Па-першае, за кошт зніжэння падаткаабкладання змяншаецца сабекошт прадукцыі, скарачаюцца міжведамасныя затраты. Па-другое, буйнатаварныя вытворчасці ва ўмовах канкурэнцыі маюць перавагі, якія дазволяць фарміраваць адзіную цэнавую палітыку, аптымізаваць затраты і асвойваць новыя рынкі збыту, растлумачыў спецыяліст. У Віцебскай вобласці працягваецца аптымізацыя і укрупненне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У бягучым годзе запланавана рэфармаваць 31 прадпрыемства шляхам далучэння да іншых суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку і да прамысловых прадпрыемстваў. У 2003 годзе ў вобласці налічвалася 490 сельгаспрадпрыемстваў, да канца 2009 года іх будзе 270.-0-