Першыя навасельлі ў мікрараёне "Медцэнтр" рыхтуюцца адсвяткаваць віцебскія сем'і

11 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Наваселле ў новым жылым мікрараёне "Медцэнтр", дзе здадзены ў эксплуатацыю першыя два дамы, рыхтуюцца адсвяткаваць амаль 200 віцебскіх сем'яў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік аддзела будаўніцтва гарвыканкама Сяргей Ніжнікаў. Мікрараён з'яўляецца сёння адной з асноўных будаўнічых пляцовак жылля ў абласным цэнтры. Першыя два 10-павярховыя жылыя дамы разлічаны на 119 і 79 кватэр агульнай плошчай звыш 10 тыс. кв. м. Усяго ў "Медцэнтры", да ўзвядзення якога будаўнікі прыступілі ў 2008 годзе, плануецца пабудаваць каля 170 тыс. кв. м жылля, або каля 30 дамоў. У бягучым годзе будаўнічыя работы пачаліся яшчэ ў адным новым мікрараёне "Білева-2". Тут вядуцца работы па закладцы фундаментаў першых трох 40-кватэрных дамоў агульнай плошчай каля 8 тыс. кв. м, узмоцненымі тэмпамі праводзіцца пракладка інжынерных сетак і транспартных камунікацый. У перспектыве ў гэтым мікрараёне плануецца пабудаваць каля 200 тыс. кв. м жылля. Акрамя таго, у другой палове 2009 года будзе пачата інжынернае асваенне пляцоўкі новага мікрараёна індывідуальнай забудовы "Сакольнікі". У гэтым мікрараёне агульнай плошчай 274 га будзе выдзелена 1 тыс. 47 зямельных участкаў (у сярэднім каля 0,15 га на ўчастак) для ўзвядзення жылля. У складзе мікрараёна вызначана першая чарга - адзін квартал плошчай каля 60 га (220 зямельных участкаў) - для правядзення завяршальнага праектавання аб'екта. Гэта дасць магчымасць паскорыць работы па пракладцы дарог, інжынерных сетак і іншых камунікацый. У далейшым менавіта з першага квартала мікрараёна пачнецца размяркоўванне зямельных участкаў. Па выніках чатырох месяцаў у Віцебску ўведзена ў эксплуатацыю каля 60 тыс. кв. м жылля. Усяго ў 2009 годзе ў абласным цэнтры плануецца пабудаваць больш за 300 тыс. кв. м жылой плошчы.-0-