Першыя падтапленні талымі водамі зафіксаваны ў Віцебскай вобласці

26 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першыя падтапленні талымі водамі зафіксаваны ў Віцебскай вобласці ў мінулыя выхадныя, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар УМНС Марына Фандо. У вёсцы Зубава Аршанскага раёна адбылося падтапленне двух сараяў і склепа, уладальнікамі якіх з'яўляюцца пенсіянеры. Жылы дом не пацярпеў. Як высветлілі супрацоўнікі МНС, труба, якая праходзіць пад аўтадарогай, не справілася з патокам вады, што паступала, у выніку чаго адбыўся разліў вады на плошчы 500 кв.м. Ад перасялення, прапанаванага ратавальнікамі, пажылыя людзі адмовіліся. За час знаходжання аператыўнай групы на месцы падтаплення ўзровень вады з 60 см знізіўся амаль у два разы. У сувязі са зніжэннем тэмпературы паветра інтэнсіўнасць раставання снегу паменшылася і падворак ачысціўся ад талых вод. Пагрозы падтаплення бліжэйшых домаўладанняў, размешчаных у гэтай вёсцы, няма, адлегласць да іх складае 40 м. Яшчэ адно падтапленне прыватнага падворка адбылося ў Віцебску па вул. Бебеля. Хоць на тэрыторыі двара выкапаны канавы для адводу вады, але і яны не справіліся з колькасцю вады, што паступала. Часткова талыя воды трапілі ў склеп, падтопленымі аказаліся 20 кв.м участка. Для адпампоўкі вады была задзейнічана мотапомпа Віцебскага АНС. У доме пражываюць чатыры чалавекі, неабходнасці ў іх адсяленні не было. -0-