Першыя паўфіналы розыгрышу Кубка Беларусі па футболе пройдуць у Гродне і Наваполацку
23 сакавіка, Мінск /Ігар Хадасевіч – БЕЛТА/. У мінскім Доме футбола сёння адбылася жараб'ёўка паўфінальных пар розыгрышу Кубка Беларусі 2008-2009 гадоў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» (АБФФ).
У першых паўфіналах, якія адбудуцца 9 красавіка, гродзенскі «Нёман» будзе прымаць салігорскі «Шахцёр», а ў Наваполацку мясцовы «Нафтан» сустрэнецца з барысаўскім БАТЭ. Адказныя матчы за выхад у фінал пройдуць 22 красавіка ў Салігорску і Барысаве. Пераможцы паўфінальных паядынкаў 31 мая ў вырашальным матчы разыграюць ганаровы трафей на сталічным стадыёне "Дынама".
З чацвёркі цяперашніх паўфіналістаў раней уладальнікамі Кубка Беларусі станавіліся тры дружыны – «Нёман» (у 1993 годзе), «Шахцёр» (2004) і БАТЭ (2006). Адзначым таксама, што ў леташнім фінале салігорскія футбалісты з лікам 1:3 саступілі мінскаму МТЗ-РІПА.
Пераможца цяперашняга кубкавага розыгрышу атрымае права прадстаўляць Беларусь у Лізе Еўропы (гэты турнір заменіць цяперашні Кубак УЕФА). Калі Кубак Беларусі заваююць футбалісты БАТЭ, то яны як чэмпіёны краіны 2008 года згуляюць у Лізе чэмпіёнаў, у Лігу Еўропы трапіць фіналіст.-0-