Першыя ў Віцебскай вобласці святлодыёдныя дарожныя знакі на сонечных батарэях устаноўлены на дарогах рэгіёна
Першыя ў Віцебскай вобласці святлодыёдныя дарожныя знакі, якія працуюць ад сонечных батарэй, устаноўлены на дарогах рэгіёна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ДАІ УУС аблвыканкама.
Па ініцыятыве Дзяржаўтаінспекцыі ДЭУ-31 РУП "Віцебскаўтадар" у канцы ліпеня пазначыла некалькі пешаходных пераходаў дарожнымі знакамі на святлодыёдах. У тым ліку два такія знакі - на трасе Р-115 Віцебск-Гарадок каля вёскі Хайсы і каля аграгарадка Акцябрская на дарозе Р-87 Віцебск - Орша - працуюць на сонечных батарэях.
Падобнае абсталяванне з'яўляецца навацыяй для Віцебскай вобласці, дзе цяпер энергія сонца выкарыстоўваецца для забеспячэння бяспекі дарожнага руху. Між тым, святлодыёдныя знакі, якія падсілкоўваюцца ад электрычнасці, сталі з'яўляцца ў рэгіёне на трасах і дарогах рознага значэння яшчэ пару гадоў таму. У асноўным устаноўка знакаў вялася ў месцах рэканструкцыі і капітальнага рамонту. Напрыклад, прыкметна аздабіліся дарогі ў Гарадку і пад'езды да яго, калі вялася падрыхтоўка да абласнога фестывалю-кірмашу "Дажынкі-2014".
"Дарожныя знакі, якія падсвятляюцца святлодыёдамі, бачныя значна лепш за іншыя як ноччу, так і днём, прычым з вялікай адлегласці. А значыць, гэта больш выразны сігнал для кіроўцаў знізіць хуткасць і быць гатовымі да пропуску пешаходаў. Акрамя таго, знакі, якія працуюць ад энергіі сонца, яшчэ і эканамічныя", - адзначылі ва ўпраўленні ДАІ.
Кацярына Князева