Першы беларускі фестываль святла і рэспубліканскі маштаб. Як Полацк плануе адзначыць Дзень горада?
Па рашэнні раённага Савета дэпутатаў свята пройдзе ў пачатку верасня, а яго галоўная тэма — «Полацк — калыска беларускай дзяржаўнасці». Памятны знак пад такой жа назвайбыў устаноўлены каля Сафійскага сабора ў мінулым годзе, падчас святкавання Дня беларускага пісьменства і 1155-годдзя найстаражытнейшага горада.
Урачыстасці яшчэ раз пацвердзілі асаблівае гістарычнае значэнне Полацка для ўсёй краіны як патрыярха нашай гісторыі і культуры. Таму мясцовыя ўлады выступілі з ініцыятывай уключыць Дзень горада ў пералік рэспубліканскіх святаў і адзначаць яго кожны год як чарговую дату беларускай дзяржаўнасці. Свята заклікана аб'яднаць беларусаў на глебе гонару за сваю гісторыю, нагадаць аб найбагацейшай гісторыка-культурнай спадчыне, якую неабходна берагчы і прымнажаць.
Адзначаць 1156-ю гадавіну Полацка, як расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Астапава, плануецца тры дні. Па традыцыі пачынаць праграму будзе Нацыянальны дзіцяча-юнацкі форум «Скарынаўскія дні ў Полацку». Сам Дзень горада пройдзе пад знакам захавання традыцый і пераемнасці пакаленняў.
Працягне ўрачыстасці першы ў Беларусі фестываль святла, падчас якога горад упрыгожаць арыгінальныя светлавыя інсталяцыі, суправаджаныя творчымі эксперыментамі і перформансамі. Літаратурны форум «Цэнтр Еўропы» збярэ паэтаў і пісьменнікаў з розных краін, а фестываль сярэднявечнай культуры «Рубон» — аматараў рыцарства і гістарычнай рэканструкцыі. Акрамя таго, запланавана рэалізацыя праектаў «Тэатральная восень» і «Фестываль беларускай кухні».
Свята дасць дадатковую магчымасць папулярызаваць турыстычныя прадукты і прадставіць галоўныя экскурсійныя брэнды рэгіёна. Каб сустрэць гасцей годна, полачане пачалі падрыхтоўку загадзя. Бягучыя пытанні абмяркоўваліся на пашыраным пасяджэнні пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Пятра Петкевіча. Адказным асобам пастаўлена задача аб'яднаць намаганні і арганізаваць працу на высокім узроўні згодна з прынятай канцэпцыяй.