Першы шлюб зарэгістравалі ў новым зале ЗАГС Чыгуначнага раёна Віцебска
Раней аддзел ЗАГС размяшчаўся ў адным з кабінетаў адміністрацыі Чыгуначнага раёна. Несумненна, маладым было не вельмі камфортна ў гэтым невялікім памяшканні. А пасля пераезду ЗАГСа ў адрэстаўраваны будынак на Сярэдненабярэжнай, дом 7, вяселлі стануць больш урачыстымі.
Даведка: будынак доўга стаяў закінутым. У 2014 годзе было вызначана прызначэнне аб'екта як адміністрацыйнага будынка і завершана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Ужо ў 2017 годзе было вызначана, што ў гэтым адміністрацыйным будынку будзе размяшчацца аддзел ЗАГС адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска.
Рэканструкцыя значна змяніла знешні выгляд старога асаняка: у яго цяпер іншая форма даху, з'явіўся мансардны паверх, прыбудовы для тэхнічных памяшканняў, архітэктурная падсветка будынка. Побач аўтастаянка на 8 паркавальных месцаў.
Заказчыкам па рэканструкцыі аб'екта выступіла дзяржаўная ўстанова «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо Віцебска «Дзвіна». Падрадчыкам – ТАА «Праф НК». Кошт праекта – 668 тысяч рублёў.
Пасля ўводу дадзенага аб'екта ў эксплуатацыю будзе гарантавана дзяржаўная ахова і захаванасць культурна-гістарычнай спадчыны. Разам з тым, аб'ект набывае важную сацыяльную накіраванасць, будзе спрыяць умацаванню сямейных каштоўнасцей, забяспечыць рост платных паслуг і папаўненне бюджэту.
У перспектыве развіцця раёна запланавана добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі сіламі арганізацый. Хочацца верыць, што ў будучыні гэты архітэктурны куток, які з'яўляецца яркім прыкладам гарадской забудовы канца XIX – пачатку XX стагоддзяў, набывае сваё значэнне і заваюе любоў жыхароў Віцебшчыны.
Дарэчы, летась у аддзеле загса адміністрацыі Чыгуначнага раёна Віцебска зарэгістравана 456 шлюбаў, у тым ліку 201 урачыста. Акрамя таго, адбылася рэгістрацыя 411 нараджэнняў.