Першы дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыўся ў Шаркаўшчынскім раёне

Первый детский дом семейного типа открылся в Шарковщинском районе

У Шаркаўшчынскім раёне адкрыўся першы дзіцячы дом сямейнага тыпу, паведаміў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Шаркаўшчынскага райвыканкама Мікалай Рубацкі.

Наваселле адбылося па вул. Юбілейнай, у самым райцэнтры. Дом быў пабудаваны яшчэ ў канцы мінулага года, аднак для адкрыцця сацыяльна значнага аб'екта неабходна было знайсці, па-першае, прыёмных бацькоў, а па-другое - сродкі для завяршэння добраўпарадкавання. "Заказчыкам работ выступіў наш УКБ, дом узведзены сіламі будаўнічай арганізацыі "Шаркаўшчынская ПМК-68" за кошт рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, з якіх выдзелена Br1,11 млрд і Br836 млн адпаведна. А каб зрабіць "начынне", збіралі сродкі ўсім мірам. Сельгаспрадпрыемствы, арганізацыі, індывідуальныя прадпрымальнікі, установы адукацыі - усе ўнеслі свой уклад грашыма, мэбляй, тэхнікай. І яшчэ засталося няшмат сродкаў, на якія мы плануем закупіць для сям'і неабходны гаспадарчы інвентар", - растлумачыў Мікалай Рубацкі.

Акрамя таго, старшыня абласнога аб'яднання прафсаюзаў Іван Вазьміцель, які прысутнічаў на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця, уручыў навасёлам пашпарт ад халадзільніка. Пакуль што ў доме "пад крылом" Сафіі Ваштаенак будуць жыць і выхоўвацца двое прыёмных дзяцей, акрамя таго, у яе ёсць двое сваіх - адзін ужо вучыцца ў каледжы, другі - у 11-м класе. "Прызнаюся, гэтая добразычлівая жанчына з псіхолага-педагагічнай адукацыяй працавала ў мяне ў аддзеле. Яна ўжо каля 10 гадоў выхоўвае прыёмную дзяўчынку. Калі пачаўся пошук сям'і для засялення, пагадзілася на маю прапанову і вырашылася стаць мамай для яшчэ аднаго дзіцяці. Зараз завяршаецца працэдура афармлення", - дадаў Мікалай Рубацкі.

Ён адзначыў, што дзіцячы дом сямейнага тыпу разлічаны на 5 дзяцей і ў перспектыве тут з'явяцца новыя выхаванцы. Як прызнаўся суразмоўнік, яго мара - прывесці пад гэты дах сірот родам з Шаркаўшчынскага раёна, якіх воляю лёсу раскідала па дзіцячых дамах у іншых гарадах. Акрамя таго, на сённяшні дзень у раёне ў 19 апекунскіх сем'ях выхоўваюцца 20 дзяцей і ў 9 прыёмных - 10. Усяго ў Віцебскай вобласці адкрыта 28 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, яшчэ 2 павінны з'явіцца да канца бягучага года. У далейшым плануецца штогод будаваць не менш за два такія аб'екты.

Кацярына Князева, БЕЛТА.