Першы дзіцячы дом сямейнага тыпу з'явіцца ў Полацкім раёне
Першы ў Полацкім раёне дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрыецца ў кастрычніку ў аграгарадку Жарнасекі, паведамілі ў прэс-службе Полацкага райвыканкама.
У сям'і будуць выхоўвацца дзевяць дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Ужо вызначаны кандыдаты на ролю бацькоў-выхавальнікаў - сям'я, якая стане "першапраходцам" сацыяльнага праекта ў раёне.
Дом узведзены спецыялістамі прадпрыемства "Полацкая будаўнічая перасоўная механізаваная калона - 36" за сродкі інвестара - ЗАТ "Банк ВТБ". Цяпер вядзецца ўнутранае аснашчэнне будынка абсталяваннем, добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі. У будаўніцтва дзіцячага дома сямейнага тыпу накіравана больш за Br2,4 млрд.
Усяго ў Полацку і Полацкім раёне каля 400 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца на розных формах дзяржаўнага забеспячэння (апекунскія і прыёмныя сем'і, дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы).
Алена Ціханава,БЕЛТА.