Першы дом самастойнага пражывання пажылых людзей у Віцебскай вобласці адкрыецца ў красавіку

22 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першы ў Віцебскай вобласці дом самастойнага пражывання інвалідаў і адзінокіх пажылых людзей ствараецца ў Аршанскім раёне. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна Наталля Ліпінская. Жыльцы такога дома будуць самі распараджацца сваёй пенсіяй, весці гаспадарку, свабодна займацца іншай дзейнасцю. Асаблівасць аб'екта заключаецца ў тым, што, нягледзячы на ўсю сваю самастойнасць, пенсіянеры будуць знаходзіцца пад пастаяннай апекай сацыяльных работнікаў і медперсаналу з размешчанага ў непасрэднай блізкасці аддзялення кругласутачнага прабывання адзінокіх пажылых людзей у вёсцы Тарчылава. Пры жаданні яны змогуць карыстацца паслугамі гэтай установы: бясплатна займацца ў гуртках, удзельнічаць ва ўсіх культурна-масавых мерапрыемствах, карыстацца лазняй, а таксама харчавацца (на платнай аснове). У цяперашні час у доме самастойнага пражывання інвалідаў і адзінокіх пажылых людзей завяршаюцца рамонтныя работы. Плануецца, што першыя пастаяльцы з'явяцца тут ужо ў красавіку. Адкрыццё такога сацыяльнага аб'екта дазваляе вырашыць падвойную задачу: забяспечыць назіранне і дапамогу людзям, якія маюць патрэбу ў гэтым, і зняць павышаную нагрузку з сацыяльных работнікаў, якім часам неабходна праехаць дзесятак кіламетраў, каб дабрацца да сваіх падапечных. Суразмоўніца ўпэўнена, што падобная форма работы атрымае далейшае распаўсюджванне. "Па вартасці ацэняць такі дом і адзінокія пажылыя людзі, бо ім фактычна будзе аказана дапамога і клопат без пазбаўлення самастойнасці. Акрамя таго, у якасці бонуса яны атрымаюць невялікую сям'ю і зносіны", - дадала Наталля Ліпінская.-0-