Першы экофестываль "Журавы і журавіны Міёрскага краю" пройдзе ў Беларусі 30 верасня
22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы рэспубліканскі экалагічны фестываль "Жураўлі і журавіны Міёрскага краю" пройдзе ў Міёрах (Віцебская вобласць) 30 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дэпартаменце грамадскай інфармацыі ПРААН у Беларусі.
Фестываль праводзіцца з мэтай прыцягнення ўвагі да ўнікальнасці балота Ельня, а таксама для развіцця экатурызму ў дадзенай мясцовасці. Час і месца свята выбраны не выпадкова: у канцы верасня больш за 4 тыс. шэрых журавоў і 10 тыс. гусей спыняюцца для адпачынку на гэтым балоце ў перыяд восеньскай міграцыі. Акрамя таго, у гэты час пачынаецца сезон збору журавін, па запасах якіх балота Ельня займае першае месца ў краіне.
Прафесійныя арнітолагі правядуць экскурсіі па месцах, дзе днём харчуюцца мігруючыя птушкі. Кожны ахвотны зможа паназіраць за зграямі журавоў. Таксама гледачы змогуць паўдзельнічаць у экалагічных гульнях і віктарынах, пакаштаваць журавінавы морс і выпечку з журавінамі, набыць сувеніры на кірмашы мясцовых народных майстроў. Пройдуць конкурс падворкаў і тэматычная фотавыстава.
У фестывалі прымуць удзел прадстаўнікі ПРААН, Еўрапейскага саюза, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, Міністэрства спорту і турызму, дыпламатычных місій, мясцовай адміністрацыі.
Мерапрыемства арганізавана праектам ЕС і Праграмы развіцця ААН (ПРААН) "Садзейнічанне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь" сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міёрскім райвыканкамам і грамадскай арганізацыяй "Ахова птушак Бацькаўшчыны" пры садзейнічанні Міністэрства спорту і турызму Беларусі.
Фестываль плануецца праводзіць штогод.-0-