Першы эшалон з расейскімі войскамі для ўдзелу ў вучэнні "Захад-2009" прыбудзе сёння ў Беларусь
9 верасня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Першы чыгуначны эшалон з расійскімі войскамі для ўдзелу ў аператыўна-стратэгічным вучэнні "Захад-2009" прыбудзе сёння ў Віцебскую вобласць. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў начальнік прэс-службы Міністэрства абароны Беларусі Вячаслаў Раменчык.
"Прыбыццё першага эшалона з расійскімі войскамі чакаецца сёння позна ўвечары", - удакладніў суразмоўца.
Як паведамлялася, 8 верасня да выканання задач аператыўна-стратэгічнага вучэння "Захад-2009" на тэрыторыі Расіі прыступіла расійская частка рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі. На тэрыторыі Беларусі вучэнне пачнецца 18 верасня.
Вучэнне праводзіцца па тэме "Падрыхтоўка і прымяненне рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Беларусі і Расіі для забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы". Мэтамі вучэння з'яўляюцца праверка магчымасцей дзвюх дзяржаў па забеспячэнні ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы, павышэнне ўзгодненасці органаў ваеннага кіравання, палявой, паветранай вывучкі злучэнняў і воінскіх часцей, якія ўваходзяць у склад РГВ (с).
У вучэнні прымуць удзел больш за 12,5 тыс. чалавек асабовага складу, больш за 200 адзінак баявых танкаў, 470 адзінак баявых браніраваных машын, больш за 100 лятальных апаратаў, больш за 200 самаходных і буксіруемых артылерыйскіх гармат, мінамётаў і рэактыўных сістэм залпавага агню.
Вучэнне "Захад-2009" прадоўжыцца да 29 верасня.-0-