Першы эшалон з венесуэльскай нафтай прыбудзе на "Нафтан" прыкладна ўвечары 31 ліпеня
30 ліпеня, Мінск /Ірына Аніскевіч - БЕЛТА/. Першы эшалон з венесуэльскай нафтай прыбудзе на ААТ "Нафтан" прыблізна ўвечары 31 ліпеня. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Мікалай Калбасенка.
Нафта будзе дастаўляцца на завод паэтапна на працягу некалькіх дзён. У цяперашні час ідуць падрыхтоўчыя работы да правядзення зліву нафты ў спецыяльныя ёмістасці.
Як паведамлялася раней, чарговая партыя з венесуэльскай нафтай у аб'ёме 80 тыс.т дастаўляецца ў Беларусь транзітам праз Эстонію. Венесуэльская нафта, якую даставяць пятым танкерам у эстонскі порт, будзе перапрацавана на ААТ "Нафтан". Папярэднія пастаўкі нафты з Венесуэлы ў Беларусь ажыццяўляліся праз Адэскі порт і прызначаліся для перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ.
Нафту перавозяць у цыстэрнах. Паводле даных Беларускай чыгункі, для гэтага задзейнічана 22-23 чыгуначныя саставы. Час перавозкі вуглевадароднай сыравіны па чыгунцы ў Беларусь з Эстоніі будзе карацейшы, чым з Украіны. Калі паміж Адэсай і Мазыром адлегласць каля 1050 км, то паміж эстонскім портам Мууга і Наваполацкам - 850 км.
Мікалай Калбасенка таксама паведаміў, што ў бліжэйшыя некалькі месяцаў плануецца паступленне на завод яшчэ адной партыі нафты, якую таксама мяркуецца даставіць з Венесуэлы транзітам праз Эстонію.
Пагадненне аб пастаўках венесуэльскай нафты ў Беларусь было падпісана ў сакавіку бягучага года. Згодна з дамоўленасцямі прэзідэнтаў дзвюх краін, агульны аб'ём яе пастаўкі павінен скласці за 12 месяцаў каля 4 млн.т.
Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Завод спецыялізуецца на выпуску паліўна-алейнай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў, у тым ліку масла, бензіны, дызельнае паліва стандарту Еўра-4 і Еўра-5. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША. У канцы 2008 года да ААТ "Нафтан" далучылася ААТ "Палімір", і быў створаны нафтахімічны комплекс.-0-