Першы этап рэканструкцыі Лукомскай ГРЭС завершыцца ў сярэдзіне мая

1 красавіка, Навалукомаль /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першы этап рэканструкцыі Лукомскай ГРЭС завершыцца ў сярэдзіне мая бягучага года, паведаміў старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Косінцу дырэктар станцыі Аляксандр Базыленка, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Старшыня аблвыканкама азнаёміўся сёння з працай станцыі. У 2006 годзе пачалося абнаўленне турбін на першых двух энергаблоках. У снежні 2009 года на капітальны рамонт устаў блок №4. Сканчэнне работ на ім і будзе азначаць завяршэнне першага этапу рэканструкцыі станцыі. Па папярэдніх даных, на гэтым энергаблоку на выпрацоўку 1 кВт.г электраэнергіі будзе расходавацца менш за 300 г умоўнага паліва. Пры тым, што ў сярэднім па станцыі удзельны расход паліва на адпуск электраэнергіі ў студзені-лютым бягучага года склаў 311 г на кВт.г. Другі этап абнаўлення станцыі прадугледжвае будаўніцтва установак новага тыпу - парагазавых магутнасцю 400 МВт. Лукомская ГРЭС у студзені-лютым выпрацавала 1 561 803 МВт.г электраэнергіі, у студзені-лютым 2009 года гэты паказчык склаў 1 424 976 МВт.г. Выпрацоўка электраэнергіі ўзрасла на 9,6%. Усталяваная магутнасць Лукомскай ГРЭС перавышае 2,4 тыс. МВт. Першы энергаблок станцыі быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1969 годзе, апошні, восьмы, - у 1974-м. Летам (перыяд найбольшай загрузкі магутнасцей Лукомскай ГРЭС) яна выпрацоўвае каля 60% электраэнергіі, што выпрацоўваецца ў рэспубліцы. -0-