Першы моладзевы экіпаж камбайнераў-тысячнікаў з'явіўся ў Віцебскай вобласці
3 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Маладыя камбайнеры з ААТ "Агракамбінат "Юбілейны" Аршанскага раёна першымі ў вобласці сярод маладзёжных экіпажаў намалацілі тысячу тон збожжа, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў абласным камітэце прафсаюза работнікаў АПК.
Экіпаж у складзе Аляксея Пальчэўскага і Ігара Кліменкі скасіў больш за 300 га і намалаціў звыш 1,1 тыс.т. Такім чынам, аршанцы сталі першымі пераможцамі абласнога аператыўнага спаборніцтва сярод маладых удзельнікаў (да 31 года) агітацыйнай кампаніі, абвешчанага аддзелам па справах моладзі аблвыканкама і абкамам прафсаюза работнікаў АПК. Ім будуць уручаны дыпломы і каштоўныя падарункі.
Усяго ў вобласці ўжо восем экіпажаў пераадолелі мяжу па намалоце збожжа ў 1 тыс.т, у тым ліку 5 экіпажаў працуюць у гаспадарках Аршанскага раёна. Акрамя таго, сёння ў раёне будуць ушаноўваць камбайнера Мікалая Захаранку са СПК "Ларынаўка". Ён першым у вобласці намалаціў 1,5 тыс.т. Па ўмовах аператыўнага спаборніцтва, праводзімага камітэтам па сельскай гаспадарцы аблвыканкама і абкамам прафсаюзаў работнікаў АПК, перадавік жніва будзе ўзнагароджаны дыпломам і прэміяй у памеры 8 базавых велічынь.
Па дадзеных на 3 жніўня, у вобласці збожжавыя і зернебабовыя скасілі на плошчы 257,5 тыс. га, што складае 57,2% да плана. Намалочана амаль 592 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 23 ц/га. Найбольшыя тэмпы набрала жніво ў Лёзненскім (скасілі больш за 75,6% збожжавага кліна) і Сенненскім (70,2%) раёнах. Па намалоце традыцыйнымі лідарамі ў вобласці з'яўляюцца гаспадаркі Аршанскага раёна, якія ўжо ўнеслі ў абласны каравай звыш 77,6 тыс.т збожжа, сярэдняя ўраджайнасць па раёне складае 31,2 ц/га.
Акрамя таго, у Сенненскім раёне сёння будуць ушаноўваць СПК "Ульянавічы", які першым у раёне завяршыў уборачную кампанію. Усяго ў гаспадарцы ўбрана каля 1,1 тыс.га, намалочана звыш 1,9 тыс.т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 17,8 ц/га.-0-