Першы пажарабяспечны чацвер праводзіцца ў Віцебскай вобласці

4 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Адзіны дзень пажарнай бяспекі сёння ўпершыню праводзіцца ў Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Яго тэмай стане прафілактычная работа па папярэджанні гібелі дзяцей і пажараў з-за дзіцячай сваволі з агнём. Супрацоўнікі МНС будуць сустракацца і гутарыць не толькі з бацькамі, але і з дзецьмі - у лагерах, школах-інтэрнатах. Асаблівая ўвага будзе нададзена індывідуальнай працы з сем'ямі, якія знаходзяцца на прафілактычных уліках. Дэпутаты Віцебскага аблсавета падтрымалі ініцыятыву ўпраўлення МНС, і цяпер Адзіны дзень пажарнай бяспекі будзе праводзіцца ў вобласці рэгулярна, кожны першы і чацвёрты чацвер месяца. Для прафілактыкі пажараў у гэтыя дні будуць весціся суцэльныя праверкі дамоў і кватэр неблаганадзейных і адзінокіх грамадзян. Да правядзення пажарабяспечных чацвяргоў будуць прыцягвацца і сродкі масавай інфармацыі. З іх дапамогай супрацоўнікі МНС спадзяюцца прыцягнуць увагу грамадзян да неабходнасці забеспячэння ўласнай бяспекі. Па аператыўных даных УМНС, у вобласці з пачатку года адбылося 711 пажараў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года іх колькасць узрасла на 140 выпадкаў. У агні загінула 90 чалавек, нягледзячы на тое, што агульная колькасць загінулых зменшылася на 9 чалавек, колькасць загінулых дзяцей узрасла на 5. Усяго ў вобласці ў агні загінула 6 непаўналетніх. Як правіла, асноўнай прычынай дзіцячай гібелі з'яўляецца пакіданне дзяцей без нагляду бацькамі і як следства - сваволя з агнём.-0-