Першы рэспубліканскі парафестываль інвалідаў па зроку збярэ ў Віцебску звыш 6 тыс. гасцей
23 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Першы рэспубліканскі парафестываль інвалідаў па зроку "Наша хваля-2009" адкрываецца сёння ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА "БелТІЗ" Аляксандр Дубка.
Фестываль збярэ звыш 6 тыс. гасцей і ўдзельнікаў, у тым ліку дэлегацыі са Швецыі, Казахстана і Расіі. Адкрыецца ён з прэзентацыі выстаўкі работ інвалідаў па зроку ў гарадскім цэнтры народных рамёстваў і мастацтваў "Задзвінне". Каля 500 твораў, выкананых у розных тэхніках і жанрах, адлюстроўваюць багатае светаўспрыманне сваіх аўтараў - удзельнікаў з усёй Беларусі.
Значнай падзеяй 24 ліпеня стане сустрэча са шведскай дэлегацыяй. Госці правядуць практычны семінар, на якім прадставяць найноўшыя тыфлатэхнічныя сродкі рэабілітацыі сляпых людзей, пазнаёмяць з асновамі работы на іх, а таксама раскажуць аб стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў сваёй краіне і дасягненнях у гэтым напрамку. Віцебскай абласной арганізацыі ў якасці падарунка будзе перададзена брайлеўская радок - спецыяльная клавіятура да камп'ютара для невідушчых. Гэта будзе першы падобны інструмент у вобласці, адзначыў Аляксандр Дубка.
У заключны дзень форуму 25 ліпеня адбудзецца гала-канцэрт. На сцэну Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" паднімуцца 250 самадзейных артыстаў з усіх рэгіёнаў краіны. Разам з імі выступяць вядомыя беларускія выканаўцы Ірына Дарафеева і Пётр Ялфімаў.
Фестываль "Наша хваля-2009" праводзіцца ўпершыню. Мерапрыемства заклікана прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем людзей з абмежаванымі магчымасцямі, неабходнасці актывізаваць дзейнасць па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. Гэта таксама значны крок па уцягванні ў актыўнае жыццё людзей з аслабленым зрокам і цалкам невідушчых.-0-