Першы трансгранічны байдарачны проматур праекта "Бела Дзвіна" стартуе 25 мая ў Полацку

13 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Першы трансгранічны байдарачны промотур стартуе ў Полацку 25 мая. Яго правядзенне стала магчымым дзякуючы праекту Еўрасаюза "Бела Дзвіна - перасякаючы межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёна Заходняй Дзвіны/Даугавы", расказалі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму Полацкага гарвыканкама. Мэта тура - прыцягнуць увагу турыстаў з Беларусі і блізкага замежжа да водных маршрутаў у трансгранічным турыстычным рэгіёне "Бела Дзвіна", які ўключае Віцебскую вобласць і Латгалію (Латвія). Агульная працягласць запланаванага маршруту складае каля 150 км. У туры возьмуць удзел беларускія і латвійскія эксперты праекта, прадстаўнікі дэлегацыі Еўрапейскай камісіі ў Беларусі і журналісты. З адпраўной кропкі маршруту - горада Полацка - турысты на байдарках у першы дзень пройдуць да Наваполацка, а да вечара наступнага дня іх будуць чакаць у самым маленькім горадзе Беларусі - Дзісне. Трэці дзень тура завершыцца ў вёсцы Юсцінава, а ў чацвёрты дзень каманда наведае Верхнядзвінск, вёску Леанполь, перасячэ беларуска-латвійскую мяжу ў пункце спрошчанага пропуску "Друя" і спыніцца ў П'едруе. У два наступныя дні ўдзельнікі тура наведаюць Гандзялі і Краславу. Завершыцца промотур 30 мая ў вёсцы Слуцішкі, дзе на тэрыторыі прыроднага парку "Змяя Даугавы" будзе праходзіць міжнародны фестываль народных мастацтваў "Аўгшдаугава 2010". Як адзначылі спецыялісты аддзела, участак шляху ад Верхнядзвінска да Слуцішак - гэта частка трансгранічнага воднага маршруту "З азёрнага лабірынту - у прыгажуню Дзвіну", які быў распрацаваны ў бягучым годзе ў рамках праекта "Бела Дзвіна". Маршрут складзены такім чынам, каб турысты, якія падарожнічаюць на байдарках, маглі таксама знаёміцца з мясцінамі Віцебскай вобласці і Латгаліі. Удзельнікі промотура па шляху свайго руху запланавалі сустрэчы з мясцовымі жыхарамі, прадстаўнікамі турфірм, каб у рэжыме рэальнага часу падзяліцца сваімі ўражаннямі аб падарожжы, а таксама расказаць аб самім праекце "Бела Дзвіна". Сустрэчы пройдуць у Полацку, Дзісне, Верхнядзвінску і Краславе. Праект "Бела Дзвіна - перасякаючы межы, адкрываючы культуру, атрымліваючы асалоду ад прыроды рэгіёна Заходняй Дзвіны/Даугавы" рэалізуецца па праграме ЕС "Рэгіён Балтыйскага мора ІНТЭРРЭГ III B - Праграма Добрасуседства - ІНТЭРРЭГ IIIA - Прыярытэт Латвія-Літва-Беларусь (Поўдзень)". Праграма накіравана на падтрымку трансгранічнага супрацоўніцтва паміж прымежнымі рэгіёнамі Беларусі, Латвіі і Літвы. Асноўная мэта праекта і галоўная задача партнёраў - стварэнне адзінай турыстычнай прасторы паміж Даўгаўпілсам, Полацкам і Віцебскам, а таксама інфармаванне насельніцтва аб магчымасцях гэтага рэгіёна.-0-