Першы трансгранічны беларуска-расійскі турмаршрут прэтэндуе на фінансавую падтрымку Саюзнай дзяржавы

18 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першы трансгранічны беларуска-расійскі турыстычны маршрут прэтэндуе на атрыманне фінансавай падтрымкі Саюзнай дзяржавы. Прэзентацыя праекта прайшла сёння ў Віцебску на нарадзе аб узаемадзеянні беларускіх і расійскіх міністэрстваў і ведамстваў па развіцці турызму, фізічнай культуры і спорту ў рамках Саюзнай дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Распрацоўшчыкамі маршруту з'яўляюцца рэспубліканскі ландшафтны заказнік "Асвейскі" (Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць) і Нацыянальны парк "Себежскі" (Пскоўская вобласць РФ). Турыстычны маршрут пралягае па рэках і канале, якія злучаюць абедзве тэрыторыі. Некалі па гэтым шляху ў Балтыйскае мора рухаліся ладдзі купца Навінскага. У гонар першаадкрывальніка маршрут атрымаў назву "Гандлёвы шлях купца Навінскага". Працягласць турмаршруту пакуль складае 45 км. У дарозе падарожнікі знаходзяцца 2,5 дня, для іх арганізаваны харчаванне, начлег, прадугледжаны стаянкі. Па словах распрацоўшчыкаў праекта, гэты маршрут ужо вядомы аматарам актыўнага адпачынку і набірае папулярнасць. Для таго каб прыцягнуць у рэгіёны большую колькасць турыстаў і разнастаіць віды адпачынку, дадаўшы, напрыклад, веласіпедны маршрут, неабходна абсталяваць дадатковыя стаянкі, месцы адпачынку. Зыходзячы з вопыту сумеснай працы беларускіх і еўрапейскіх арганізатараў адпачынку, можна выказаць здагадку, што затратная частка праекта складзе каля $100 тыс. Заказнік "Асвейскі" уяўляе сабой буйны комплекс азёр, лясоў, пераходных і верхавых балот. Яго плошча складае больш за 27,7 тыс.га. З 2002 года заказніку прысвоены статус водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння (Рамсарскае ўгоддзе). У межах заказніка зарэгістравана 164 віды птушак, якія гняздзяцца (36 відаў занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі). Возера і навакольныя тэрыторыі з'яўляюцца месцам пастаяннай канцэнтрацыі водна-балотных відаў птушак у перыяд вяснова-восеньскай міграцыі. У заказніку насяляе таксама 3 віды млекакормячых (буры мядзведзь, барсук, рысь) і 16 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу. З рэдкіх раслін батанікі вылучаюць гібрыдныя формы вольхі клейкай і вольхі шэрай, высокаствольныя формы карэльскай бярозы, буйную папуляцыю кубышкі малой і рэдкую рэліктавую насекомоядную расліну альдрованда пухірчатая. Нацыянальны парк "Себежскі" - асабліва ахоўваемая прыродная тэрыторыя федэральнага ўзроўню, заснаваны ў 1996 годзе, размяшчаецца на плошчы 50 тыс.га на водападзеле басейна рэк Заходняя Дзвіна і Вялікая. Уяўляе сабой мноства азёр, злучаных рэкамі і пратокамі. У флоры адзначана 700 відаў раслін. Сустракаюцца рэдкія і знікаючыя віды птушак: чорны бусел, скопа, змееяд, арлан-белахвост.-0-