Першы ў Беларусі агратурыстычны курорт неўзабаве з'явіцца ў Расонскім раёне
12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы ў Беларусі агратурыстычны курорт найбліжэйшым часам з'явіцца ў Расонскім раёне. Пра гэта ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА паведаміў намеснік міністра спорту і турызму Беларусі Часлаў Шульга.
Паводле яго слоў, месца выбрана невыпадкова: у Расонскім раёне прадстаўлена дастаткова шмат аграсядзіб, прычым многія іх уладальнікі з'яўляюцца ў многім піянерамі ў гэтай галіне. "Гэта будзе свайго роду пілотны праект, ён пакажа, наколькі перспектыўная ідэя стварэння агратурыстычных курортаў на тэрыторыі Беларусі", - адзначыў суразмоўца.
Агратурыстычны курорт аб'яднае некалькі сельскіх сядзіб. Прычым кіраваць курортам будзе мясцовы аператар, якому трэба будзе прадстаўляць інтарэсы ўладальнікаў аграсядзіб і займацца пошукам і прыцягненнем турыстаў. Мяркуецца, што на агратурыстычным курорце адпачываючаму будзе прапанавана праграма мерапрыемстваў, якая дазволіць як мінімум на сем дзён пагрузіцца ў сельскае жыццё. Напрыклад, турыстам могуць прапанаваць паўдзельнічаць у раённым чэмпіянаце па зборы грыбоў, конкурсе разьбы і роспісу па дрэве або наведаць Полацк.
На думку намесніка міністра, сельскі турызм - гэта інвестыцыі ў будучыню. Таму стварэнне і развіццё агратурыстычных курортаў будзе адным з найважнейшых напрамкаў развіцця турыстычнай галіны ў наступныя пяць гадоў, заўважыў Часлаў Шульга.
***Поўны тэкст інтэрв'ю выйдзе на стужцы навін і будзе размешчаны на сайце БЕЛТА.-0-