Першы ў Беларусі дзяржаўны Дом міласэрнасці адкрыецца на Віцебшчыне
Будаўніцтва Дома міласэрнасці ў аграгарадку Бычыха Гарадоцкага раёна вядзецца рэкорднымі тэмпамі. Толькі сёлета прынята рашэнне аб яго ўзвядзенні, а ўжо да Новага года плануецца здача. Цяпер завяршаюцца агульнабудаўнічыя работы, засталіся аздабленчыя. У бліжэйшы час будзе змантавана модульная кацельня, і дом можна будзе засяляць.
Аб'ект, можна сказаць, узводзіцца ўсім мірам. Праект выканаў інстытут "Віцебскграмадзянпраект", прычым таксама ў сціснутыя тэрміны. РУП "Віцебскэнерга" праклала кабель і рэканструявала падстанцыю, Гарадоцкае прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак часткова ўзяло на сябе пракладку водаправодных і каналізацыйных труб. Пасільны ўклад унёс "Віцебскабл газа". За УП "Палімерканструкцыя" – ачышчальныя збудаванні, "Белкатламаш" абавязваецца паставіць кацельню. Будаўнікі працуюць у тры змены, задзейнічаны ўсе ўпраўленні "Жылбуда".
Пакуль генпадрадчык расходуе свае абаротныя сродкі, гэта значыць працуе ў крэдыт, а гэта немалыя грошы. Быў адкрыты дабрачынны рахунак і абвешчаны збор сродкаў, ужо пайшлі першыя паступленні. Самымі спагаднымі аказаліся людзі сталага ўзросту, якія пералічылі частку сваіх пенсій. Кампанія МТС абвясціла, што перадасць на будаўніцтва Дома міласэрнасці 1,5 млрд рублёў.
Будынак падзелены на функцыянальныя сектары, у якіх размешчаны жылыя пакоі, кухня, сталовая, басейн, сауна, трэнажорная зала і зала для масавых мерапрыемстваў, памяшканні для персаналу. Установа разлічана на 30 жыльцоў з 2-3-мясцовым рассяленнем. У пакоях прадугледжаны зоны для прыгатавання ежы, абсталяваныя ўсім неабходным. Гэта значыць, можна альбо харчавацца ў агульнай сталовай, альбо самім гатаваць.
Як патлумачыла начальнік упраўлення сацыяльнай падтрымкі насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Вера Астапенка, тут прымуць людзей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі: без прытулку, сродкаў да існавання. Місія такой установы – усеагульная рэабілітацыя чалавека: сацыяльная, медыцынская і духоўная.
Побач знаходзіцца храм, які з'яўляецца падворкам мужчынскага жыровіцкага манастыра. Клірык Іван Хаменя перакананы, што міласэрнасць павінна быць закладзена ў душах. Святары будуць дапамагаць знайсці абяздоленым людзям, якіх лёс прывядзе ў цэнтр суправаджальнага пражывання, веру, надзею і любоў.
Дарэчы, у Мінску Беларуская Праваслаўная Царква адкрыла Дом міласэрнасці, але на Віцебшчыне будзе створана першая падобная дзяржаўная ўстанова. Вера Астапенка, якая пабывала ў аналагічных дамах у Аўстрыі і Швецыі, сцвярджае, што наш нічым не будзе ім саступаць.
Важна і тое, што пастаяльцы не будуць на ўтрыманні, а змогуць працаваць. На тэрыторыі цэнтра ўжо ўзведзены майстэрні, хлеў для жывёлы. Для жадаючых знойдуцца месцы і на сельгаспрадпрыемстве. Працатэрапія таксама ўваходзіць у працэс сацыяльнай рэабілітацыі.
Старшыня Бычыхінскага сельсавета Німетулла Ахадаў адзначае, што Дом міласэрнасці падыме прэстыж населенага пункта, які прыкметна пераўтварыўся за апошнія гады. Славутасцю стала царква, пабудаваная за сродкі ўраджэнкі Бычыхі Анастасіі Асіціс. На тэрыторыі храма працягваецца добраўпарадкаванне. Ужо з'явіліся дзіцячая пляцоўка, царкоўная крама, калодзеж. Сучасны выгляд набыў будынак чыгуначнай станцыі. Агарадок патанае ў зеляніне, побач лес, ёсць возера. Месца для цэнтра выбрана ўдалае. А ў неабходнасці такой установы ніхто не сумняваецца.
Вядома, адзін Дом міласэрнасці не вырашыць праблемы ўсіх адзінокіх людзей, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Але ён стане прэцэдэнтам, вопытам сацыяльнай рэабілітацыі, які, несумненна, атрымае працяг.
Пакуль жа трэба яго дабудаваць, і ў гэтым можа дапамагчы кожны, хто пералічыць грошы на дабрачынны рахунак. Яго рэквізіты: р/с 3132411650025 ААТ "Белінвестбанк", МФО 153001739, УНП 300203571, упраўленне капітальнага будаўніцтва Віцебскага аблвыканкама (на будаўніцтва Дома міласэрнасці).
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"