Першая ў Беларусі крама Baldinini можа з'явіцца ў Віцебску ўжо сёлета

19 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першая ў Беларусі крама Baldinini можа з'явіцца ў Віцебску ўжо сёлета, паведаміў сёння карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар СТАА "Марка" Мікалай Мартынаў. Паводле яго слоў, пры падпісанні дагавора аб супрацоўніцтве паміж СТАА "Марка" і італьянскай кампаніяй "Балдзініні С.р.л." дасягнута пагадненне аб адкрыцці монобрэндавай крамы. На рынках СНД і Усходняй Еўропы дзейнічае тавараправодзячая сетка Baldinini. Першая ў Беларусі крама, як чакаецца, з'явіцца да навагодніх святаў. Размесціцца яна недалёка ад галоўнай канцэртнай пляцоўкі "Славянскага базару" - Летняга амфітэатра ў бізнес-цэнтры, будаўніцтва якога завяршае кампанія "Марка". На 300-400 кв.м будзе прадстаўлена як абутак Baldinini, так і аксэсуары гэтай гандлёвай маркі. "Балдзініні С.р.л." выпускае высакаякасны элітны скураны абутак сярэдняй і вышэйшай цэнавай катэгорыі. Прадукцыя адрозніваецца вытанчаным дызайнам і адносіцца да катэгорыі найбольш прэстыжных у Еўропе і свеце. Паводле слоў Мікалая Мартынава, уладальнік кампаніі Джымі Балдзініні ўпэўнены, што ў Беларусі яна таксама знойдзе свайго пакупніка. Кампанія "Балдзініні" створана ў 1910 годзе ў горадзе Сан Маўра Пасколі (Італія), дзе да гэтага часу знаходзяцца яе асноўныя вытворчыя плошчы. Абароты "Балдзініні С.р.л" складаюць у сярэднім каля 50 млн. еўра ў год. На прадпрыемствах кампаніі працуюць звыш 300 чалавек. 80% прадукцыі, што вырабляецца, прызначана на экспарт. -0-