Першы ў Беларусі профільны клас правазнаўства адкрыецца ў віцебскай гімназіі

Первый в Беларуси профильный класс правоведения откроется в витебской гимназии
Упершыню ў Беларусі правазнаўства гімназістам будуць выкладаць следчыя. 

Дагавор аб арганізацыі адукацыйнага працэсу ў профільным юрыдычным класе падпісаны паміж упраўленнем Следчага камітэта па Віцебскай вобласці і гімназіяй №8 Віцебска. Ініцыятарам такога супрацоўніцтва выступіў начальнік УСК Уладзімір Шалухін.


— З установамі адукацыі мы ўзаемадзейнічаем не першы год. На базе ўпраўлення праводзяцца практычныя заняткі для студэнтаў ВДУ ім. П. Машэрава і ПДУ, аказваецца дапамога педагогам, наладжана цесная сувязь з Віцебскім кадэцкім вучылішчам, — адзначыў Уладзімір Васільевіч. — Лагічным працягам прафарыентацыйнай дзейнасці і прававога выхавання моладзі стала адкрыццё спецыялізаванага класа ў сярэдняй навучальнай установе.

Дзеці на павышаным узроўні будуць вывучаць англійскую мову і грамадазнаўства, а на факультатыўных занятках прадстаўнікі УСК растлумачаць старшакласнікам асновы грамадзянскага, адміністрацыйнага і крымінальнага права, крыміналогіі і крыміналістыкі.

— Гэта дапаможа дзецям не толькі зрабіць выбар на карысць прафесіі юрыста, але і набыць веды, якія ім спатрэбяцца ў жыцці, навучаць быць законапаслухмянымі і адказнымі за свае ўчынкі, — паведаміла дырэктар гімназіі №8 Раіса Грабоўская.

Да пачатку новага навучальнага года ў гімназіі плануюць набраць у новы профільны 10-ы клас не менш за 25 чалавек. Нягледзячы на строгасць патрабаванняў (перавагу аддаюць выдатнікам і пераможцам алімпіяд па грамадазнаўстве), першую дзясятку вучняў удалося набраць літаральна ў першыя дні пасля старту адборачнай кампаніі. Дарэчы, паўдзельнічаць у ёй могуць і дзеці з іншых школ.

Эдуард Каралевіч. Фота Дзмітрыя ОСІПАВА. "Віцебскія весці".