Першы ў Беларусі высокапрадукцыйны асфальтабетонны завод уведзены ў эксплуатацыю ў Віцебску
14 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Першы ў дарожнай галіне Беларусі высокапрадукцыйны асфальтабетонны завод сёння ўведзены ў эксплуатацыю віцебскім ААТ "Дарожна-будаўнічы трэст №1", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Як паведаміў генеральны дырэктар трэста Аляксандр Калкоў падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця, вытворчая магутнасць асфальтазмяшальнай устаноўкі кантэйнернага тыпу CSD-3000/6 нямецкай фірмы Lintek складае 240 т у гадзіну. Завод коштам 2,1 млн. еўра набыты за кошт крэдытных рэсурсаў замежных банкаў у лізінг на пяць гадоў. Новая ўстаноўка дазваляе вырабляць высакаякасныя асфальтабетонныя сумесі як класічных рэцэптур, так і сучасныя віды асфальтабетону (масцічны, літы), якія выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве складаных канструкцый мастоў і тунэляў.
Завод спраектаваны на мабільнай базе, што дае магчымасць на працягу двух тыдняў цалкам перадыслакаваць вытворчасць у любую кропку краіны і прыступіць да выпуску прадукцыі ўжо на новым месцы. Выкарыстанне ў канструкцыі сучасных рукаўных фільтраў значна зніжае колькасць шкодных выкідаў у атмасферу, памер якіх у пяць разоў ніжэйшы за нормы, дапушчаныя экалагічным заканадаўствам для падобных вытворчасцяў. Вытворчы працэс цалкам аўтаматызаваны, абслугоўваць устаноўку будуць не больш за 6 спецыялістаў.
Неабходнасць набыцця асфальтавага завода выклікана перш за ўсё фізічным і маральным зносам двух заводаў, якія знаходзяцца на ўзбраенні трэста. Увод у эксплуатацыю новага завода, які акупіцца на працягу прыкладна пяці гадоў, дазволіць цалкам задаволіць патрэбы горада і вобласці ў гэтым відзе высакаякаснага будаўнічага матэрыялу, дадаў Аляксандр Калкоў.
Па словах намесніка старшыні аблвыканкама Анатоля Дзіуліна, адкрыццё завода стала значнай падзеяй для вобласці, перад будаўнічым комплексам якой стаяць напружаныя задачы. ААТ "ДБТ №1" з'яўляецца вядучай у рэгіёне дарожна-будаўнічай арганізацыяй, і новая ўстаноўка дазволіць прадпрыемству ў два разы наросціць аб'ёмы вытворчасці па будаўніцтве і рэканструкцыі дарог. Сёння ў Віцебску рэалізуецца праграма "Дворы", у адпаведнасці з якой да 2012 года плануецца завяршыць асфальтаванне дваравых тэрыторый у абласным цэнтры, пасля чаго аналагічныя работы будуць праведзены ва ўсіх раённых цэнтрах.-0-