Першы ў Віцебскай вобласці кабінет замяшчальнай тэрапіі наркаманіі плануецца адкрыць у Полацку

24 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Кабінет замяшчальнай тэрапіі наркаманіі плануецца адкрыць да сярэдзіны 2011 года ў Полацку. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла галоўны ўрач Віцебскага абласнога псіханеўралагічнага дыспансера Алена Мартынава, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праект рэалізуецца на базе полацкай псіхіятрычнай бальніцы на сродкі гранта Сусветнага фонду для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй, які выконваецца Праграмай развіцця ААН у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Цяпер праводзіцца рамонт памяшкання, вырашаецца пытанне яго абсталявання, а адкрыццё кабінета плануецца ў сярэдзіне года. Першапачаткова ў праграме замяшчальнай тэрапіі будуць прымаць удзел 50 пацыентаў. "Адкрыццё першага ў вобласці кабінета замяшчальнай тэрапіі ў Полацку звязана з наяўнасцю там адпаведнай базы і не абумоўлена колькасцю наркаспажыўцоў", - адзначыла Алена Мартынава. Пры гэтым яна не выключыла магчымасць у перспектыве адкрыцця аналагічнага кабінета і ў Віцебску. Метад замяшчальнай тэрапіі наркаманіі ў Беларусі ўжываецца каля трох гадоў у дачыненні да пацыентаў, якія пакутуюць ад наркатычнай залежнасці і беспаспяхова спрабавалі іншыя спосабы лячэння. Сутнасць метаду ў тым, што цяга да апіоідных наркотыкаў падаўляецца шляхам прызначэння лекавага прэпарата (у дадзеным выпадку метадону), які пры прыёме ў выглядзе сіропу не выклікае эйфарыі, здымае сіндром абстыненцыі і прыводзіць пацыента ў нармальны фізічны і псіхалагічны стан. Паводле даных на пачатак 2011 года, у Віцебскай вобласці на ўліку ў наркалогаў стаялі больш за 1,2 тыс. чалавек, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы, з іх амаль 75% ужываюць наркотыкі, астатнія 25% спажываюць таксічныя рэчывы. Найбольшае распаўсюджванне ўжыванне наркотыкаў набыло ў Віцебску, Оршы, Полацку і Наваполацку, а таксама ў Аршанскім, Талачынскім, Чашніцкім, Гарадоцкім і Віцебскім раёнах. Па-ранейшаму ў вобласці асноўную масу спажыўцоў наркотыкаў (81,3%) складае моладзь ва ўзросце да 35 гадоў. Таму асноўныя намаганні прафілактычнай работы ўрачоў-нарколагаў накіраваны менавіта на гэту ўзроставую групу. "Наша асноўная задача - пераканаць людзей у тым, што хваробу можна і трэба ўзяць пад кантроль пры дапамозе лячэбных працэдур і рэабілітацыйных мерапрыемстваў", - адзначыла Алена Мартынава. Так, падчас рэспубліканскай акцыі "Лячэнне наркаманіі даступна!", якая пройдзе 1 сакавіка, у вобласці будзе арганізавана работа "гарачых ліній" па пытаннях аказання медыцынскай дапамогі асобам, якія пакутуюць наркаманіяй і спажываюць наркотыкі, а таксама праведзены іншыя інфармацыйна-прафілактычныя мерапрыемствы.-0-