Першы ў Віцебскай вобласці прытулак для бяздомных жывёл адкрыўся ў абласным цэнтры

16 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Першы ў Віцебскай вобласці прытулак для бяздомных жывёл адкрыўся сёння ў абласным цэнтры, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прытулак разлічаны на адначасовае знаходжанне 200 жывёл - сабак і котак. Акрамя вальераў у памяшканні пабудаваны вальеры для сабак на вулічнай тэрыторыі. У будынку маюцца мыццёвая, ветэрынарны кабінет. Урачэбны кабінет аснашчаны сучаснымі УГД і ЭКГ апаратамі, лабараторным абсталяваннем. Пасля ветэрынарнага абследавання жывёла змяшчаецца на каранцін у ізалятар, а затым засяляецца ў вальеры. У прытулку працуе ўласная кухня, дзе рыхтуецца гарачы корм, маюцца таксама кладоўка для сухіх кармоў, халадзільнікі.

Як паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік прытулку Наталля Зубава, зараз у прытулку знаходзяцца 13 сабак, 11 шчанюкоў, а таксама кацяняты. Жывёлы, якія паступаюць у прытулак, пройдуць стэрылізацыю, утрымліваць іх будуць да таго моманту, пакуль не знойдуцца новыя гаспадары жывёл. Прыстроіць сабак і котак у добрыя рукі дапамогуць валанцёры і члены віцебскай дабрачыннай грамадскай арганізацыі "Сябры жывёл".

У перспектыве на базе прытулку плануецца стварыць кіналагічную пляцоўку, дзе ўладальнікі сабак пад кіраўніцтвам досведнага кінолага будуць трэніраваць сваіх гадаванцаў. Наталля Зубава таксама не выключае з'яўлення гасцініцы для жывёл.

     Работы па рэканструкцыі невыкарыстоўванага будынка пад прытулак для бяздомных жывёл па даручэнні старшыні Віцебскага аблвыканкама былі пачаты ў лістападзе 2010 года. Будаўніцтва фінансавалася за кошт спонсарскіх сродкаў віцебскага мясакамбіната, камунальнага прадпрыемства "Вясна".-0-