Першы валанцёрскі атрад хуткага рэагавання сфарміраваны ў Віцебскай абласной арганізацыі БЧК
22 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першы валанцёрскі атрад хуткага рэагавання для дзеянняў у надзвычайных сітуацыях сфарміраваны ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК), паведаміла карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласной арганізацыі Галіна Жаланава.
У склад атрада ўвайшлі 12 маладых людзей - інжынеры і рабочыя віцебскіх прадпрыемстваў. Валанцёры праходзяць навучанне пад кіраўніцтвам такіх жа энтузіястаў з Вісагінскага камітэта Літоўскага Чырвонага Крыжа, якія ўжо чатыры гады аказваюць дзейсную дапамогу ратавальнікам і паліцыі ў ліквідацыі тэхнагенных аварый і пошуку людзей.
Праграма навучання ўключае курсы па аказанні дамедыцынскай дапамогі і першай псіхалагічнай дапамогі, а таксама методыку пошуку заблукалых у лесе. Тэхнічнае аснашчэнне атрада ўзяў на сябе Беларускі Чырвоны Крыж. Для валанцёраў будзе закуплена абмундзіраванне, заплечнікі, аптэчкі, прыборы навігацыі.
Да канца 2009 года літоўскія валанцёры правядуць яшчэ два навучальныя семінары, і першы беларускі атрад ужо будзе гатовы да працы. Па словах Галіны Жаланавай, ініцыятыва Чырвонага Крыжа па стварэнні добраахвотных атрадаў хуткага рэагавання знайшла падтрымку ў Віцебскім абласным упраўленні МНС.
Навучанне віцебскіх памочнікаў ратавальнікаў вядзецца ў адпаведнасці з дагаворам аб супрацоўніцтве паміж Віцебскім і Вісагінскім аддзяленнямі Чырвонага Крыжа, падпісаным у пачатку бягучага года.-0-